(Вітаўт Кіпель: ) "Гэтая навіна сапраўды мяне прыбіла. Я не партызан, але належу да таго пакаленьня, для якога 22 чэрвеня нешта значыла. На працягу мінулага тыдня мы былі ў Вашынгтоне, і ў невялікай грамадзе мы ўспомнілі Васіля Быкава ў ягоны дзень народжаньня... Навіна злавесная і страшная.
Аб Быкаву як пісьменьніку на эміграцыі стала чуваць ад пачатку 60-х гадоў. Ягоная “Альпійская балада”, у першую чаргу, і іншыя расказы, якія друкаваліся ў часопісах. У беларускім друку на яго зьвярнуў увагу ўпершыню Станіслаў Станкевіч, а ў агульнаамэрыканскім друку, расейска-ангельскім, на яго зьвярнула ўвагу такі ведамы літаратурны крытык Аляксандрава, яна зраюіла некалькі рэцэнзіяў у рускамоўным друку і ў англамоўным друку, і ейны быў выраз, што за гэтым пісьменьнікам яшчэ будучыня. Беларускія эмігранты ад самага пачатку вельмі палюбілі літаратуру Быкава, і нават кніжка “Мёртвым не баліць” была ўпершыню выдадзеная, мне здаецца, на эміграцыі. Потым Быкаў вывучаўся, вывучаліся ягоныя пераклады.
Наагул, трэба сказаць, што Быкава ў перакладах чытала вельмі шырокае грамадзтва – англамоўнае, францускамоўнае, і сапраўды для Беларусі ён зрабіў велізарную справу, папулярызуючы глыбіню беларускай думкі, аналіз свой, папулярызуючы наагул думаньне, што яно ў беларускім народзе вельмі глыбокае. Так што Быкаў для Беларусі рабіў ня толькі як пісьменьнік, але і наагул як вялікі дзяяч Беларусі. Эміграцыя яго ўважала сапраўды – стандартны штамп – сумленьнем нацыі. Гэта асоба, чалавек, які прайшоў вайну, і тым ня менш, ён заўважаў пазытыўныя і нэгатыўныя адзнакі на абодва бакі фронту, ён бачыў людзей на абодва бакі фронту, аналізаваў гэтых людзей, што іх прывяло, як яны апынуліся ў той сытуацыі – тое, што пісьменьнік якраз і павінен рабіць.
Навіна забойчая, тым балей, што сёньня 22 чэрвеня, і толькі на мінулым тыдні мы згадвалі Васіля Быкава ў ягоны дзень народжаньня..."