Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: “ЯГО РОЗУМ ЗАСТАВАЎСЯ ДА КАНЦА ВОСТРЫМ І ЯГО СЭРЦА БІЛАСЯ ПА-БЕЛАРУСКУ”


Ул. інф.

(Уладзімер Арлоў: ) "Я не магу згадаць, калі ўпершыню пачуў імя Васіля Быкава. Мне здаецца, што ён прысутнічаў у маёй сьвядомасьці заўсёды, прынамсі з таго часу, калі я ўсьвядоміў сябе беларусам.

Але сапраўднае адкрыцьцё Быкава адбылося, пэўна, пасьля зьяўленьня яго аповесьці “Знак бяды” – твора, знакавага для нашай літаратуры, шмат у чым вызначальнага. І сёньня, згадваючы першыя свае ўспаміны, першыя згадкі пра гэтае імя, я таксама ня мог не згадаць і мае апошнія размовы з Васілём Уладзімеравічам, якія адбыліся ў пачатку чэрвеня, калі ён вярнуўся ў Беларусь. Я быў уражаны тым, што ён шмат чаго чытаў, ведае, з апошніх публікацыяў, з апошніх кніг. Я думаю, дзякуючы вам, журналістам “Свабоды”. Але і дзякуючы таму, што яго розум заставаўся да канца вострым і яго сэрца білася па-беларуску. І падчас гэтай размовы зь ім я перадаў яму просьбу аднаго з прафсаюзных лідэраў Беларусі, просьбу, прапанову заняцца рэстаўрацыяй яго роднага дома, на Ушаччыне. Я быў вельмі ўражаны, калі Васіль Уладзімеравіч сказаў: “Не рабіце гэтага, таму што пасьля рэстаўрацыі гэты дом спаляць”. Мне хочацца спадзявацца, што наш нацыянальны прарок усё-ткі ў дадзенай сытуацыі памыляўся. Тым больш, што цяпер сапраўды трэба паклапаціцца пра тое, каб захаваўся дом Быкава на яго радзіме, каб гэты дом стаў мэмарыялам.

У мяне на стале зараз апошняя кніга Васіля Быкава, карэктуру якой ён яшчэ чытаў сам – гэта кніга “Доўгая дарога дадому”. Яна разгорнутая на 283 ст., на палове, і... гэтая дарога Быкава дадому закончылся. Горка і балюча, што гэта ня здарылася пазьней, але ёсьць свая сымболіка ў тым, што гэтая дарога завяршылася на роднай зямлі, і можа быць, тое, што Беларусь паклікала яго, беларуская зямля прыме яго, гэта важней за ўсялякія дзяржаўныя ўзнагароды".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG