Быкаў умеў цярпець – гэтаму майстэрству добра вучылі ў сталінскай вёсцы, на крывавай вайне, якая да апошніх дзён глыбока хвалявала яго, у савецкай літаратуры. Сярод самых дарагіх сувэніраў у ягоным кабінэце – ліст ад Аляксандра Твардоўскага, рэдактара “Нового Мира” – там не віншаваньні, не пахвалы выдатнаму твору, а сялянская цярплівая мудрасьць: усё мінецца, праўда застанецца.
Апошнія гады Быкаў ня мог жыць у Беларусі. Яму фізычна невыносна было знаходзіцца ў гнятлівай атмасфэры халуйства і прыніжэньня, гвалтоўнага мярзоцьця. Калі-небудзь унукі цяперашніх уладароў спытаюць іх, чаму Быкаў ня мог дыхаць адным паветрам зь імі.
Калі гаворка ішла пра выданьне кніг, пляны, новыя пачынаньні ці навіны у жыцьці людзей, зь якімі ён сябраваў, Быкаў звычайна як пажаданьне зь мякай усьмешкай паўтараў: “Дай Божа!”
Ён памер 22 чэрвеня, у самы доўгі дзень году – у гадавіну пачатку вайны. Быкаву цяпер, нарэшце, не баліць.
Дай Божа, каб ня ўсьцішыўся ў нас гэты боль.