Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕКАР СПЫНІЎ ГАДЗІНЬНІК БЫКАВА У 20.30


Сяргей Навумчык, Прага

Ня думаю, што маю права казаць пра ўсе акалічнасьці хваробы і апошнія дні Быкава, гэта справа родных. Яшчэ перад апэрацыяй у Празе ў сакавіку быў пастаўлены дыягназ – рак. І было зразумела, што, на вялікі жаль, апэрацыя хаця і аблегчыць становішча, але не дапаможа кардынальна. У канцы траўня Быкаў паехаў у Менск. Ён меркаваў вярнуцца ў Прагу, гэта толькі што ў тэлефоннай размове пацьвердзіла і жонка Ірына Міхайлаўна. У іх быў зваротны білет на 6 чэрвеня, але зь некаторых прычынаў адклаў паездку. Да таго ж, пагоршыўся стан здароўя – перад гэтым Васіль Уладзімеравіч прайшоў курс антыанкалягічнай тэрапіі адмысловымі лекамі. Два тыдні таму Быкава паклалі ў Бараўляны, і там было вырашана распачаць курс хіміятэрапіі. Спачатку лекары лічылі ягоны стан вельмі цяжкім, але пазьней было палягчэньне, і нават ішла гаворка пра выпіску на нейкі час дахаты, у кватэру на Танкавай.

У дзень нараджэньня, акрамя родных, яго наведвалі Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Сяргей Законьнікаў, Валянцін Тарас. Жонка прачытала яму віншавальныя артыкулы ў “Народнай волі”.

Але на суботу Быкаў быў пераведзены ў рэанімацыю.

Учора ў тэлефоннай размове з жонкай Быкава Ірынай Міхайлаўнай я пачуў ад яе, што стан здароўя Васіля Ўладзіміравіча рэзка пагоршыўся, ён прасіў забраць яго са шпіталя. Ён ужо ня мог падымацца. Учора Быкава наведаў сын Сяргей, Ірына Міхайлаўна была з Быкавым у ягоныя апошнія хвіліны, аднымі з апошніх словаў было – “добра...” У 20.10 у Быкава спынілася дыханьне, а ў 20.30 перастала біцца сэрца, і лекар спыніў ягоны гадзіньнік.

У апошнія месяцы жыцьця Быкава ў Празе я часта зь ім сустракаўся. Быкаў вельмі шмат чытаў, прычым ён цікавіўся якраз не мастацкай літаратурай, а прасіў прыносіць яму дакумэнтальную літаратуру. Я даваў яму кнігі публіцыстыкі Івана Буніна і Аляксандра Купрына, яшчэ – чатыры кніжкі пра Парыж Барыса Носіка (ён іх усе прачытаў), сярод апошняга – кнігі ўспамінаў Яўгена Яўтушэнкі і актрысы Алы Дзямідавай, Аляксандар Лукашук перадаў кнігу Валкагонава. На пісьмовым стале Васіля Ўладзімеравіча ў Празе засталіся ляжаць “Наша Ніва”, апошняя кніга прозы Ўладзімера Арлова і альбом “Краіна Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG