(Барадулін: ) “Вельмі цяжка ўсьведамляць, што ня стала Васіля. Але яго ня стала зямнога, ня стала яго ў зямным увасабленьні. Таму што думка, слова, сэрца Васіля, душа ягоная, яна засталася, яна засталася з намі. Памятаеце ў Бібліі: напачатку было слова. Дык вось, напачатку самай сумленнай беларускай літаратуры было слова Быкава, слова чыстае, слова праўды.
Ён самы залежны пісьменьнік у Беларусі, таму што ён залежыць ад праўды. Калі сказаць: Васіль Быкаў — праўдалюб, гэта ня тое слова, я б яго назваў такім утвораным словам “праўдараб”. Ён усё жыцьцё працаваў на праўду. Васіль ніколі не трыбуньнічаў, ніколі ня меў пасад літаратурных. Ён, як і Караткевіч, гэта дзьве такія постаці, якім Беларусі Бог паслаў. Я яго назваў і называю апосталам нацыі.
І ўсе тыя, хто цкаваў яго, а цкавалі яго ўсе рэжымы ўсіх разьліваў, таму што Васіль быў мулкі для іх, яны паскорылі яго хваробу. Таму што вы разумееце, як насіць столькі… Васіль быў у артылерыі ў “саракапятках”, гэта простай наводкай па танку. Ці ты па танку, ці танк па табе. І з “саракапятак” у штрафную роту не пасылалі — гэта прыроўнівалася. Калі падсумоўваць, дык Васіль Быкаў і ў вайну прайшоў у штрафной роце, і ў літаратуры, таму што ён казаў праўду…
Я ўчора ноччу напісаў такія чатыры радкі, “Памяці анёла нацыі”:
Нечысьць на зямлю бяду наклікала,
Перагарадзіла белы дзень гара.
Засталася Беларусь бяз Быкава
Беднай хатай без гаспадара”.