Самае першае апавяданьне “Дапякло” Васіль Быкаў надрукаваў у 1947 годзе ў часопісе “Вожык”. Праз два гады ягоныя літаратурныя публікацыі зьявіліся ў газэце “Гродзенская праўда”. Але сам пісьменьнік лічыў пачаткам свайго творчага лёсу 1951 год, калі напісаў апавяданьні “Сьмерць чалавека” і “Абозьнік”. Маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам з апавяданьня “Ў першым баі” надоўга стануць галоўнымі героямі твораў пісьменьніка.
Нікім дагэтуль не паказаная акопная праўда другой сусьветнай вайны складзе зьмест кнігаў ягоных аповесьцяў і апавяданьняў “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Адна ноч”. Выдадзеныя ў 1960-я гады, яны прынесьлі пісьменьніку велізарную чытацкую папулярнасьць і жорсткую агрэсію афіцыйных ідэолягаў.
І тое, і другое памножылі аповесьці “Сотнікаў”, “Абэліск”, “Воўчая зграя”, “Круглянскі мост”, “Пайсьці і не вярнуцца”, але асабліва — “Мёртвым не баліць”. Выдадзеныя ў 1970-я гады, гэтыя творы пісьменьніка прынесьлі яму сусьветную славу, якую яшчэ больш пашырыла аповесьць “Знак бяды”. Зь яе пісьменьнік першым у беларускай літаратуры зьвяртаецца да пэрыяду жорсткіх сталінскіх рэпрэсіяў у час гэтак званае калектывізацыі. І да канца жыцьця будзе паказваць антыгуманнае аблічча мэтадаў кіраваньня савецкае ўлады. Што адразу ж выклікала неперапыннае цкаваньне пісьменьніка цяперашняю ўладаю ў краіне.
Творы канца 1980-х — пачатку 1990-х (раман “Кар’ер”, аповесьці “Аблава”, “Сьцюжа” і “Ў тумане”) яшчэ пасьпеюць выйсьці ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
А антыбальшавіцкія творы, напісаныя ў другой палове 1990-х гадоў, ужо дойдуць да чытача толькі дзякуючы народным ахвяраваньням. Зборнік апавяданьняў “Сьцяна” стаў першаю ў гэтым сэнсе народнаю кнігай. На сабраныя грошы яе выдала ў 1997 годзе выдавецтва “Наша Ніва”. Праз два гады ў выдавецтве “Вострая брама” выйшла кніга мэтафарычных прыпавесьцяў Быкава пра сучасную Беларусь “Пахаджане”. Між гэтымі дзьвюма кнігамі ў выдавецтве “Гронка” выйшаў зборнік быкаўскае публіцыстыкі “Крыжовы шлях”.
Апошняя прыжыцьцёвая кніга апавяданьняў пісьменьніка — “Ваўчыная яма” — зьявілася на сьвет у выдавецтве “Кніга” два гады таму. Сваю кнігу ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” Васіль Быкаў таксама яшчэ пасьпеў адрэдагаваць сам. А вось абяцаны ўладамі васьмітомнік (менавіта на такі аб’ём творчы наробак пісьменьніка ацаніла дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”) застаўся за жыцьцёвым парогам. Але творчы архіў пісьменьніка падорыць чытачу яшчэ шмат быкаўскіх адкрыцьцяў. Найбліжэйшае зь якіх, апавяданьне “Бутэльчына альбо Прэзыдэнт на дрэве” будзе надрукаванае ў адным зь незалежных выданьняў.