На панядзелак Аляксандар Лукашэнка заплянаваў прагляд новага фільму “Настасься Слуцкая” з удзелам прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ў менскім кінатэатры “Цэнтральны”. Перад пачаткам прагляду спадар Лукашэнка зьвярнуўся да прысутных з нагоды сьмерці Васіля Быкава.
(Лукашэнка: ) “Пайшоў з жыцьця чалавек, імя якога — як бы мы да яго ні ставіліся — непасрэдна зьвязанае з імкненьнем нашага народу жыць у свабоднай і незалежнай краіне. На жаль, памёр Васілі Быкаў, і яшчэ раз хачу падкрэсьліць: па-рознаму мы разумеем сувэрэнітэт і незалежнасьць, але нельга адмовіць гэтаму чалавеку ў жаданьні страснай барацьбы за свабоду нашай краіны ды яе незалежнасьць. Я думаю, што будзе — як бы гэта ні было сумна — правільным, калі мы хвілінай маўчаньня ўшануем памяць гэтага чалавека”.
Пазьней стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка накіраваў спачуваньні сям’і Васіля Быкава. Пра гэта паведаміла Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч, якая сказала таксама, што кіраўнік дзяржавы падпіша й нэкралёг.
Паводле спадарыні Пяткевіч, Аляксандар Лукашэнка даручыў стварыць для арганізацыі жалобных мерапрыемстваў і пахаваньня ўрадавую камісію на чале зь міністрам культуры Леанідам Гулякам — Васілю Быкаву будзе аддадзеная пашана як народнаму пісьменьніку Беларусі й удзельніку Вялікай Айчыннай вайны. Як афіцыйна паведамляецца, “клясык беларускай ды ўсясьветнай літаратуры будзе пахаваны на Алеі пачэсных грамадзянаў на Ўсходніх могілках Менску”. Пахаваньне Васіля Быкава адбудзецца 25 чэрвеня, і пачнецца яно з жалобнай цырымоніі ў Доме літаратара. Вось што распавёў намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч:
(Пятровіч: ) “Разьвітаньне адбудзецца ў сераду, у Доме літаратара на вуліцы Фрунзэ, 5 — пачатак а 10-й гадзіне. А а 13-й пачнецца грамадзянская паніхіда, на якой выступяць сябры Быкава, землякі, сваякі, відаць… Потым труну вырашана — я ня ведаю, як гэта будзе на самой справе, але вырашана пранесьці на руках ад плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа, і пахаваньне адбудзецца на Маскоўскіх могілках (ці Ўсходніх могілках)”.
Міністэрства абароны Беларусі таксама далучылася да ўшанаваньня памяці Васіля Быкава. Як заявіў начальнік управы гэтага міністэрства Ўладзімер Сераштан, “вайскоўцы беларускай арміі, вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны ды Ўзброеных Сілаў з болем успрынялі вестку пра сьмерць народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава”. Паводле спадара Сераштана, на творах Быкава выхоўвалася не адно пакаленьне абаронцаў Бацькаўшчыны, яны ёсьць у бібліятэцы кожнай вайсковай часткі.