Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ ЗАКОНЬНІКАЎ: “БЫКАЎ ВЯЛІКІ ТЫМ, ШТО Ў СВАЁЙ ТВОРЧАСЬЦІ ВЫЯВІЎ САПРАЎДНЫ БЕЛАРУСКІ ХАРАКТАР”


Альгерд Невяроўскі, Менск

(Законьнікаў: ) “Мая душа разрываецца ад горычы, ад болю, таму, што я страціў свайго старэйшага таварыша. Памёр вялікі пісьменьнік сучаснасьці. Ён вялікі ня толькі тым, што ягоныя творы маленькія беларусы пачынаюць вывучаць у школе. Ня толькі тым, што ягоныя аповесьці й раманы перакладзеныя больш чым на 80 моваў сьвету. Ён вялікі тым, што здолеў у сваёй творчасьці выявіць беларускі характар.

Ня той характар, які прайшоў дэфармацыю сталіншчыны, і які сёньня не дае пабудаваць нам незалежную дзяржаву, годнае жыцьцё. Ён выявіў той характар беларуса, які быў патрэбны раней і патрэбны сёньня.

Нашае грамадзтва знаходзіцца як бы ў здранцьвеньні. Як трусік перад пашчаю ўдава. І прыклад Васіля Ўладзімеравіча паказвае, што можна не паступацца сваімі пазыцыямі, можна адстойваць праўду, справядлівасьць і дэмакратыю. І з такімі думкамі, з такім адчуваньнем ён працаваў і над апошнімі сваімі творамі, і над самай апошняй кнігай “Доўгая дарога дадому”.

Тут я чуў, што хацелі ад Васіля Ўладзімеравіча, каб напрыканцы свайго жыцьця ён пакінуў нейкі духовы запавет. Я кажу ўсім: “Духовы тастамант Васіль Быкаў пакінуў у сваёй творчасьці”. Калі ласка, бярыце яго мастацкія, публіцыстычныя кнігі, там усё сказана. Васіль Уладзімеравіч хацеў, каб наша Беларусь была незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай. Каб усе людзі жылі ў ёй цывілізавана, заможна, шчасьліва і разумна. Гэтай пазыцыі ён прытрымліваўся да канца сваіх дзён. І трэба, каб мы заўсёды былі годнымі вучнямі Васіля Быкава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG