(Бураўкін: ) “Мне вельмі скрушна на душы. Быкаў павінен увесь час быць зь беларусамі і зь Беларусьсю. Бо ён напісаў такія творы, якія павінны пастаянна быць зь беларусамі. Ён пасьпеў за сваё жыцьцё такое сказаць пра нашую гісторыю, пра наш лёс, пра нашую будучыню, што бяз гэтага Беларусь ня можа быць.
Бяда нашая ў тым, што да гэтага часу многія не пачулі Быкава. Я спадзяюся, што можа гэтая сьмерць нарэшце прымусіць многіх ці то абыякавых, ці ня надта сьвядомых людзей пачуць Быкава. Пачуць ягоны боль, ягоныя прароцтвы. І таму я лічу, што Беларусі бяз Быкава ня будзе, не павінна і ня можа быць. Яна заўсёды будзе з Быкавым.
І мне ня столькі хочацца гаварыць словы разьвітаньня, колькі гаварыць сёньня словы падзякі зямлі нашай роднай, Ушацкаму краю, за тое, што яны нам далі такога майстра, такога беларуса. Падзяку Богу за тое, што ён Быкаву Васілю даў ладны кавалак жыцьця. І яшчэ сказаць падзяку самому Васілю за тое, што ў яго хапіла і мужнасьці, і цярпеньня, і мудрасьці, і сьмеласьці зрабіць тое, што ён зрабіў.
Я не хачу разьвітвацца з Васілём. Проста мне вельмі скрушна, што ён ужо будзе ня побач з намі, а там, дзе ўжо, на жаль, многія нашыя слаўныя беларусы. Але ён ня можа быць ня з намі, і мы ня можам быць безь яго”.