Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БУДЗЕМ ВЫХОДЗІЦЬ, ПАКУЛЬ НАШ ЛІЦЭЙ НЕ ПАКІНУЦЬ У СПАКОІ”


Любоў Лунёва, Менск

На праспэкце Францыска Скарыны сабралася каля 200 ліцэістаў і іх бацькоў. Сюды сёньня прыйшлі і выкладчыкі ліцэю, бо сёньня не было экзаменаў. Ліцэісты былі апранутыя ў майкі з лягатыпам “Я люблю ліцэй”.

Ліцэісты і іх бацькі выйшлі пратэставаць супраць закрыцьця ліцэю, бо чуткі пра тое, што ліцэй ліквідуюць, сёньня ўжо набылі рэальную афарбоўку. Побач са мной стаіць бацька аднаго зь ліцэістаў. Расскажыце, калі ласка, якая мэта вашай акцыі і як доўга гэтая сытуацыя будзе цягнуцца?

(Бацька ліцэіста: ) “Мэта нашай акцыі – зьвярнуць увагу грамадзкасьці да таго становішча, якое склалася вакол нашага ліцэю. А працягваць такога кшталту акцыі мы будзем да таго моманту, пакуль з намі ня выйдуць на нейкія перамовы, пакуль нам ня скажуць нешта канкрэтнае. Цяжкае становішча, але зь любога становішча можна знайсьці выйсьце, і трэба працаваць у гэтым кірунку. Ліцэй быў, ёсьць і павінен быць. Гэта ўнікальная навучальная ўстанова, і мы ня можам дапусьціць, каб яна зьнікла”.

Побач са мной ліцэісты, яны толькі што пачалі згортваць свой рыштунак – мапы школьныя, падручнікі з гісторыі Беларусі... Скажы калі ласка, як цябе завуць?

(Таня: ) “Таня Сітко. Зараз нашая акцыя згортваецца. Мы выходзім ужо друі раз і будзем выходзіць, пакуль наш ліцэй не пакінуць у спакоі, пакуль не дадуць нам вучыцца. Мы хочам, каб ліцэй быў беларускім, каб ён застаўся такім, якім ён быў ад 1991 году. У нас няма нейкіх іншых патрабаваньняў, нам трэба толькі ліцэй, у нас усё адбываецца мірна, і мы выходзім толькі дзеля ліцэю, за ліцэй”.

Насупраць ліцэістаў паказаліся супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага РАЎС. Яны доўгі час дамаўляліся па рацыі са сваім кіраўніцтвам і, відаць, атрымалі загад і сёньня дзяцей не затрымліваць. Тым больш, што, відаць, улады баяцца рэакцыі бацькоў, якія тут са сваімі дзецьмі. Супрацоўнікі міліцыі на другім баку праспэкту, каля будынку Нацыянальнага банку, назіраюць за тым, што адбываецца.

Учора прадстаўнікі бацькоўскага камітэту былі ў адміністрацыі прэзыдэнта. Зь імі сустрэўся нейкі шараговы чыноўнік, паведаміў, што ў хуткім часе яны атрымаюць нейкі адказ, але ніякіх зьменаў не адбылося.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG