Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў паседжаньня, амбасадар Крол нагадаў, што ў студзені 1992 году ён наведаў Менск і дапамагаў усталяваць афіцыйныя дыпляматычныя дачыненьні паміж Злучанымі Штатамі і новаабвешчанай незалежнай Рэспублікай Беларусь. Крыху больш чым праз год ён працаваў у Менску намесьнікам кіраўніка місіі.
Гэта былі бурлівыя часы, прыгадаў далей амбасадар, былі спадзяваньні, што Беларусь стане на шлях пабудовы квітнеючай рынкава-арыентаванай дэмакратычнай дзяржавы, адказнай удзельніцы сусьветнай супольнасьці. Напачатку назіраліся шматабяцальныя перамены ў гэтым кірунку. Узяўшы на сябе гістарычную адказнасьць, Беларусь добраахвотна адмовілася ад свайго немалога ядзернага патэнцыялу, які застаўся на яе тэрыторыі пасьля распаду Сваецкага Саюзу.
На жаль, не прайшло й дзесяці гадоў, як выявілася, што Беларусь не датрымала свае ранейшыя абяцаньні. Ад часу абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусь перажывае рэзкае і няспыннае пагаршэньне становішча з дэмакратычнымі свабодамі і захаваньнем правоў чалавека. У 1996 годзе быў незаконна распушчаны парлямэнт, замест якога быў створаны орган, паслухмяны прэзыдэнцкай уладзе. У 2001 годзе міжнародная супольнасьць асудзіла пераабраньне Лукашэнкі як недэмакратычнае і несправядлівае. Тым часам у краіне невытлумачальным чынам зьніклі вядомыя палітычныя дзеячы і журналіст, і беларускія ўлады ня здолелі правесьці вартае даверу расьсьледаваньне. Менск абвінавачваецца ў продажы зброі краінам у канфліктных зонах і ў дзяржаўнай падтрымцы тэрарызму.
Гэта сумная карціна, але не безнадзейная. Народ Беларусі даўно выявіў сябе моцным і трывалым у цяжкіх выпрабаваньнях. Ягоная здольнасьць да выжываньня праз стагодзьдзі нашэсьцяў і акупацыяў выклікае захапленьне.
Таму, зазначыў амбасадар Крол, у выпадку свайго зацьверджаньня ён будзе працягваць шырокія і трывалыя кантакты зь беларускім народам. Неабходна далей забясьпечваць беларусам, асабліва маладым, магчымасьць набіраць досьвед жыцьця ва ўмовах дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Злучаныя Штаты будуць надалей падтрымваць разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і арганізацыяў, дзейнасьць якіх скіраваная на разьвіцьцё дэмакратыі і рынкавай эканомікі.
У тым самым часе амбасадар Крол паабяцаў прыкласьці ўсе намаганьні ў вырашэньні сур’ёзных пытаньняў у сувязі з роляю Беларусі ў перадачы зброі і абсталяваньня праблемным краінам. Як і ўсе іншыя амабасадары ЗША ў розных краінах сьвету, ён будзе спрыяць выяўленьню і выкараненьню пагрозаў Злучаным Штатам і міжнароднай бясьпецы.
У выпадку зацьверджаньня на сваёй пасадзе, Джордж Крол зьбіраецца давесьці беларускім уладам, што Злучаныя Штаты выступаюць не за ізаляцыю, а за пакрокавае паляпшэньне дачыненьняў. Калі ўлады паспрабуюць выкарыстаць гэты шанец і зьменяць сваю палітыку ў дачыненьні да дэмакратыі і правоў чалавека, ЗША будуць гатовыя да адпаведных крокаў са свайго боку.
Заканчваючы сваю прамову, амбасадар Крол зазначыў, што ў сьвеце зноў пачалі веяць вятры станоўчых пераменаў. У інтарэсах рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці Злучаныя Штаты, іх эўрапейскія калегі і асабліва суседзі Беларусі, у тым ліку Расея, ня могуць дазволіць, каб гэтая краіна, стратэгічна разьмешчаная ў цэнтры Эўропы, апынулася ў стане небясьпечнай ізаляцыі і галечы. Неабходна працаваць разам і даць Беларусі надзею і дапамогу, каб яна ўрэшце выканала свае абяцаньні, якія ў 1992 годзе выглядалі так аптымістычна.