Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КРУГЛЫМ ПРЫВАТНЫМ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМ ПРЫПЫНІЛІ ЛІЦЭНЗІІ НА ПРОДАЖ ГАРЭЛКІ Й ВІНА


Марыя Ўсьціновіч, Круглае

У сьпякотныя дні ў крамах круглянскіх прыватнікаў правялі праверку захоўваньня віна-гарэлачных вырабаў. Высьветлілася, што ўмовы не адпавядаюць нормам тэмпэратуры і вільготнасьці. Разыходжаньні, паводле словаў прадпрымальнікаў, былі ня вельмі істотныя, аднак гэта сталася падставай для рашэньня Круглянскага райвыканкаму аб прыпыненьні ліцэнзіяў на продаж віна і гарэлкі.

У дзьвюх крамах і шапіку прадпрыемства “Электратэхтавары” Беларускага таварыства інвалідаў разыходжаньне з нормай было 4 градусы. Ліцэнзію прыпынілі да 1 верасьня, і гэта адбіваецца на прыбытках фірмы. Яе дырэктар Валер Маклак ня мае сумневу наконт сапраўдных прычынаў дзеяньняў мясцовых уладаў.

(Маклак: ) “Прычына тут адна, будзем казаць так. Наш гандаль круглянскі, спажывецкая каапэрацыя сёньня ў вельмі цяжкім становішчы знаходзяцца. І яны спрабуюць выцягнуць гэты гандаль”.

У Круглянскім райвыканкаме пацьвярджаюць, што сыстэма спажывецкай каапэрацыі апошнім часам прадавала менш гарэлкі й віна. Такая сытуацыя выклікала занепакоенасьць мясцовых уладаў, таму што падаткі, якія плаціць у бюджэт каапэрацыя, больш важкія, паводле словаў чыноўнікаў, чым паступленьні ў бюджэт ад прыватнага гандлю.

У райвыканкаме запэўнілі, што ліцэнзіі прадпрымальнікаў прыпынілі на законных падставах, а вось праверкі ў крамах спажывецкай каапэрацыі парушэньняў у захоўваньні віна-гарэлачнай прадукцыі ня выявілі. Таму ўлады мяркуюць, што аб’ём продажу сьпіртовых напояў у сыстэме каапэрацыі будзе адноўлены і падаткі павялічацца.

Гарэлка і асабліва таннае пладова-ягаднае віно сапраўды складае вялікую частку прыбыткаў спажывецкай каапэрацыі. Напрыклад, у невялікай вёсцы Шупені, якая знаходзіцца каля райцэнтру, сьпіртовыя напоі зьяўляюцца папулярным таварам.

(Прадавачка: ) “Гарэлкі — скрыні тры, віна — скрыняў 50 на месяц. Вось прадам 50 скрыняў віна — гэта ўжо мільён дзьвесьце”.

Між тым, прыватнікі лічаць, што мясцовым уладам усё роўна ня ўдасца выцягнуць каапэратыўны гандаль. Гаворыць Валер Маклак:

(Маклак: ) “Структура грувасткая, вельмі вялікія штаты, высокія надбаўкі. Людзі бачаць, дзе якасная прадукцыя, дзе больш танна. Народ набывае тое, што хоча набываць”.

Гандляры ў Круглым мяркуюць, што нават прыпыненьне ім ліцэнзіяў на продаж гарэлкі й віна наўрад ці істотна зьменіць сытуацыю ў канкурэнцыі паміж спажывецкай каапэрацыяй і прыватнікамі.
XS
SM
MD
LG