Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАМЕЖНЫХ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ І ЎКРАІНАЙ ПОЛЬСКІХ ВАЯВОДЗТВАХ ДА 70% УСІХ СПАЖЫВАНЫХ ЦЫГАРЭТАЎ – КАНТРАБАНДНЫЯ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Два дні таму на памежным пераходзе Баброўнікі польскія мытнікі спраўдзілі беларускі грузавік, які, паводле дакумэнтаў, вёз у Польшчу драўляныя паддоны. Аказалася, што акрамя вырабаў з дрэва, у прычэпе схаваныя больш за 20 тысячаў пачак цыгарэтаў без акцызных значкаў. Падлічана, што калі б гэты тытунь трапіў на польскі рынак, дык бюджэт Польшчы згубіў бы прыкладна 350 тысячаў даляраў.

А тыдзень таму, таксама ў Баброўніках, мытнікі затрымалі іншы беларускі грузавік – з вырабамі са шкла – ды знайшлі там аж 200 тысячаў пачак кантрабандных цыгарэтаў. У гэтым выпадку страты польскага бюджэту склалі б ужо мільёны даляраў.

Паводле польскіх мытнікаў, раней большасьць кантрабандных цыгарэтаў злачынцы спрабавалі пераправіць праз літоўска-польскую мяжу, аднак цяпер шляхі тытунёвай кантрабанды выразна перасоўваюцца ў Беларусь. Праўдападобна, гэта зьвязанае з тым, што Літва рыхтуецца да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз і таму робіць свае межы з усходнімі суседзямі больш шчыльнымі. У сваю чаргу, з Расеі, а менавіта там вырабляецца большасьць кантрабанднага тытуню, правезьці цыгарэты да беларуска-польскай мяжы зусім не складана.

Паводле адмыслоўцаў, польскім мытнікам неўзабаве варта чакаць значнага ўзмацненьня наплыву кантрабандных цыгарэтаў зь Беларусі. Справа ў тым, што пасьля далучэньня Польшчы да Эўразьвязу кошты тытунёвых вырабаў у крамах гэтай краіны ўзрастуць прыкладна ўдвая. Адпаведна, больш прывабнай будзе і кантрабанда.

Варта адзначыць, што паводле падлікаў вядучых тытунёвых кампаніяў, у памежных зь Беларусьсю і Ўкраінай польскіх ваяводзтвах да 70% усіх спажываных цыгарэтаў – гэта цыгарэты, нелегальна ўвезеныя з Усходу.
XS
SM
MD
LG