Удзельнікі: лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка, філёзаф Валянцін Акудовіч.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Вітаю аматараў музыкі ў чарговым выданьні праграмы “Па-за тактам”! Аналізуючы стан айчынных папулярных жанраў, міжволі прыходзіш да высновы, што, нягледзячы на неразьвітасьць музычнага шоу-бізнэсу ў Беларусі, нашыя выканаўцы запатрабаваныя. І тыя зь іх, хто дэманструе сапраўды арыгінальную стылістыку, высокі выканальніцкі ўзровень, прапануе нетыповы матэрыял, могуць разьлічваць на посьпех як на радзіме, так і за мяжой.
Летась мы ўжо гутарылі ў нашай студыі з музыкамі групы “Палац” — адным з тых калектываў, хто мае трывалую аўдыторыю ў Беларусі і адначасова актыўна выступае за яе межамі. Нагодай для новай сустрэчы з “Палацам” зрабіліся, па-першае, выданьне новага альбому; па-другое, паездка калектыву ў Францыю, дзе група ўдзельнічала ў фэстывалі “Ў чаканьні Беларусі”. Згадзіцеся, як для асобна ўзятага беларускага калектыву папулярнай музыкі, то падзеяў дастаткова, каб задаць колькі пытаньняў лідэру “Палацу” Алега Хаменку, якога я шчыра і вітаю.
Алег! Якую з названых падзеяў у жыцьці “Палацу” ты б назваў найбольш істотнай, улічваючы той факт, што ў станаўленьні групы 10 гадоў таму Францыя таксама адыграла значную ролю?”
(Алег Хаменка: ) “На сёньняшні момант — ужо адзінаццаць. Гэта быў 1993 ці ўжо 1994 год, калі нас заўважылі на радыё “Франс Інтэрнасьёналь” і вельмі высокую адзнаку далі нашай творчасьці”.
(Падбярэскі: ) “Упэўненасьці гэта дадало…”
(Хаменка: ) “Канечне!”
(Падбярэскі: ) “Тады, я ведаю, у вас не атрымалася паехаць у Францыю. А паездка цяпер на гэты фэстываль “У чаканьні Беларусі”? Што там было?”
(Хаменка: ) “Было некалькі канцэртаў, якія мы ігралі менавіта дзеля беларусаў, былі сустрэчы ў прыватных больш-менш абставінах. Але галоўнае, дзеля чаго мы ехалі ў Францыю, гэта адчуць, як мы можам працаваць менавіта дзеля францускай публікі. Я магу з упэўненасьцю адказаць, што гэта было выдатна! Я маю на ўвазе ў першую чаргу тое, што ўжо быў комплекс наконт таго, што там нешта не гучыць, там нешта не гучыць. Але тыя пляцоўкі, якія былі ў Арыньякі, Клермонт-Фэране, мяне зьдзівілі менавіта тым, што ў акустычным сэнсе ўсё гучала супэрвыдатна!
Трошкі, вядома, мы не звыклыя да таго, што ўсё насамрэч працуе! І таму якасьць выступу была выдатная, і ўспрымала публіка гэтак сама. Мы спрабавалі перакладаць паміж песьнямі, аб чым ідзе размова, але быў такі канцэрт, калі мы сьпявалі цалкам праграму, не перакладаючы наогул ніводнага слова зь беларускай мовы. Лічылі, што ўсё ж мова музыкі — гэта міжнародная мова. І атрымалася!”
(Падбярэскі: ) “Цікава, французы ўспрымалі вашую музыку як экзотыку ці як, скажам, адно з адгалінаваньняў проста эўрапейскай музыкі?”
(Хаменка: ) “Вось чакалі яны экзотыкі, а атрымалі звычайную Эўропу. Мы працавалі разам з такім вядомым у Францыі (насамрэч я ня ведаў гэты калектыў), які мае назву “Лазаро”, які іграе такі фолк-рок, але зьвязаны з францускім шансонам. І вось атрымалася разам зь імі рабіць гэты выступ. Вельмі падобная музыка атрымалася ў пляне стылістыкі: тая, якую іграюць яны, і тая, якую іграем мы. Атрымалася, што гучала амаль тое самае, але толькі на розных мовах! Вядома, было прыемна мець выступы з такім менавіта калектывам, які добра ведаюць і на які вельмі шмат прыходзіла людзей”.
(Падбярэскі: ) “Ну, шмат — гэта колькі?”
(Хаменка: ) “Шмат? Напрыклад, на канцэрце ў Клермонце на канцэрце было больш як 1400 чалавек”.
(Падбярэскі: ) “Гаворыць адзін з удзельнікаў фэстывалю філёзаф Валянцін Акудовіч”.
(Акудовіч: ) “Палац” надаў гэтай выставе, калі заўгодна, глыбіню рэстраспэктывы, запоўніў тую нішу, якой выстава сама па сабе не прадугледжвала. Яна сапраўды была цалкам зьвернутая да таго, што мы называем авангардам, андэграўндам, постмадэрнам — падзеям, якія пераважна разьлягаюцца па плоскасьці. І ёй не хапала глыбіні, вэртыкальнага разрэзу ў прадоньне стагодзьдзяў, у той пачатак беларушчыны, які і фармаваўся народнай творчасьцю. І вось “Палац”, з аднаго боку, сягнуў углыб, з другога боку, гэта не была глыбіня архаікі. Спалучэньне традыцыйнага і нетрадыцыйнага, гэтае скрыжаваньне, дало вельмі ўдалы эфэкт!”
(Падбярэскі: ) “Прабач нетактоўнае пытаньне: што ж мусіў зрабіць “Палац”, каб замацавацца на францускім рынку? І ці гэта наогул рэальна?”
(Хаменка: ) “Дзеля гэтага трэба працаваць. І я ўпэўнены, што мы робім толькі першыя крокі для тых, хто будзе ехаць пасьля нас. Вядома, што з Усходняй Эўропы прыяжджаюць калектывы, якія вельмі цікавыя францускай публіцы. Такім чынам, зьявяцца людзі — у той жа Францыі, Нямеччыне, якія паспрабуюць зрабіць і туры, і канцэрты для таго, каб самім зарабіць, і зрабіць гэтыя туры ня толькі спонсарскімі ці фэстывальнымі, а сапраўды камэрцыйнымі.
І пакуль што, канечне, няма падставаў, каб моцныя прадусарскія фірмы, што знаходзяцца ў той жа Францыі ці Нямеччыне, зьвярнулі ўвагу менавіта на ўсходне-эўрапейскую фолк-рок-музыку. Цяпер прасьцей, напрыклад, зарабіць на музыцы Кітаю, якая ўжо вельмі шмат дзе распаўсюджаная ў Эўропе, на афрыканскай разнастайнай музыцы. Лаціна ўжо даўно вельмі вядомая ў Эўропе. Пакуль што традыцыяў слухаць ўспрымаць фолк-рок-музыку Ўсходняй Эўропы ў Заходняй Эўропе няма. І трэба, каб такія калектывы, як мы, як “Тройца” ці хто іншы, стварала прэцэдэнт — каб урэшце нейкі калектыў атрымаў вядомасьць у Заходняй Эўропе як праект камэрцыйны”.
(Падбярэскі: ) “А што ж расейскі напрамак? Ці падтрымліваеце вы кантакты з Надзеяй Бабкінай, якая ўжо запрашала вас на тур па Расеі?”
(Хаменка: ) “Ну вось яна павінна была быць у Менску, але канцэрт адмяніўся! І зноў жа вось тыя самыя праблемы: цяжка з сабраць значную залю нават на моцную зорку, таму што кошты квіткоў і кошты арэнды цяпер у Беларусі, у Менску вельмі высокія! Я магу сказаць, што, напрыклад, у параўнаньні з Францыяй гэтыя кошты значна большыя. А ўжо пра ўзровень жыцьця і пра ўзровень таго, што колькі грошай можа аддаць на білет студэнт у Францыі і студэнт у Беларусі… Гэта — непараўнальная рэч!”
(Падбярэскі: ) “Цяпер усё часьцей і часткова з вашай лёгкай рукі ўзьнікаюць арыгінальныя калектывы, якія засноўваюць рэпэртуар на апрацоўках народных песень і якіх можна назваць нават дзеткамі “Палацу”. А што б ты ім параіў, зыходзячы з уласнага досьведу?”
(Хаменка: ) “Самае складанае — гэта ня тое што зрабіць песьню ці выйсьці на сцэну. Самае складанае ў Беларусі — захаваць калектыў. Можна адразу ўсім сказаць: хлопцы і дзяўчаты, дзеткі “Палацу”, тыя, хто наогул робіць там цяжкую музыку, джазавую… Памятайце: ніколі ніякіх спонсараў у вас ня будзе!”
(Падбярэскі: ) “Ну, ня будзем такімі пэсымістамі…”
(Хаменка: ) “Не! Гэтага ня будзе ні-ко-лі! Таму трэба вельмі моцна захоўваць сам калектыў, чалавечыя дачыненьні ў калектыве. Калі вы пяць-сем гадоў пратрымаецеся на небасхіле беларускай рок-музыкі, эстрадзе — чаго заўгодна, гэта будзе азначаць, што сэнс існаваньня ў вас ёсьць”.
(Падбярэскі: ) “Будзе працяг гутракі з Алегам Хаменкам. Размова пойдзе пра новыя запісы групы “Палац” і падрыхтоўку пастаноўкі першага ў гісторыі Беларусі фолк-мюзыклу “Возера”. Да сустрэчы!”
частка другая