Скульптару Дзьмітрыю Папову не давялося сустракацца з Васілём Быкавым. Аднак ён чытаў шмат аповесьцяў знакамітага творцы. Не прапускаў публіцыстычных атрыкулаў у незалежным друку. А яшчэ ў скульптара была кніга са шматлікімі фотаздымкамі празаіка. Усё гэта і натхніла Дзьмітрыя Папова на стварэньне скульптурнага вобразу, які б адлюстраваў сумленьне народу. Распавядае скульптар Папоў:
(Папоў: ) “У кожнага народу ў пэўную эпоху ёсьць людзі, якія могуць зьяўляцца сумленьнем і гонарам гэтага народу. І калі я думаў, хто ж у Беларусі на дадзены момант, у дадзеную эпоху можа зьяўляцца такім чалавекам, то прыйшоў да высновы, што хутчэй за ўсё гэта Васіль Быкаў. Быкаў зьяўляецца сумленьнем нацыі, грамадзянінам”.
Партрэт Васіля Ўладзімеравіча вылеплены пакуль толькі з плястыліну. Скульптара высяляюць з майстэрні, ён ня можа цяпер працягваць працу. У будучым партрэт будзе зроблены ў гіпсе, хаця скульптурная кампазіцыя, на думку Папова, павінна быць адлітая ў мэтале.
Скульптар марыць, каб пісьменьнік пагадзіўся пазаваць хаця б два сэансы. Папоў жадае набыць і апошнія творы патрыярха беларускай літаратуры, у прыватнасці, ягоныя прыпавесьці.
Да постацяў беларускіх клясыкаў скульптар Папоў зьвяртаецца не ўпершыню. Ён аўтар помніка Андэю Макаёнку ў Журавічах і бюста Івану Мележу ў вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёну. Калі будзе закончаны скультурны партрэт Быкава ў гіпсе, Дзьмітры Папоў зьбіраецца паказваць яго ня толькі знаёмым, але і шырокай грамадзкасьці. Беларусы як мага часьцей павінны бачыць сваё сумленьне ў манумэнтальным мастацтве, лічыць спадар Папоў.