Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ ГРАМАДЗКАЙ ІНІЦЫЯТЫВЫ ПАТРАБУЮЦЬ АД УЛАДАЎ УПАРАДКАВАЦЬ КУРАПАТЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дата 19 чэрвеня была абраная арганізатарамі круглага стала невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень у 1988 годзе ў Курапатах прайшоў першы мітынг памяці ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў некалькі гадзінаў абмяркоўвалі праблемы курапацкага мэмарыялу і выпрацоўвалі праграму першачарговых захадаў абароны ўрочышча. Гаворыць арганізатар круглага стала, актывіст ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Вакол Курапатаў існуе праблема шмат гадоў. Яна пачалася 15 гадоў таму, разам з уздымам нацыянальна-дэмакратычнага руху ў Беларусі. І, на жаль, мінула 15 гадоў, а праблема абароны і змаганьня застаецца. І мы змагаемся за тое, за што і 15 гадоў таму. Гэта пэўна ж сумная сытуацыя. Але канфлікт ня ёсьць найлепшым шляхам вырашэньня праблемы. Таму круглы стол — гэта месца, дзе кожны можа выказаць сваю думку, падзяліцца інфармацыяй, і разам мы маглі б выпрацаваць рэкамэндацыі, пажаданьні: што рабіць далей?”

Арганізатары круглага стала запрашалі ўзяць у ім удзел прадстаўнікоў усіх зацікаўленых бакоў. Але ўсе дзяржаўныя чыноўнікі й прадстаўнікі будаўнічых фірмаў і ўстановаў запрашэньне праігнаравалі. Таму праблемы Курапатаў абмяркоўвалі толькі прадстаўнікі грамадзкасьці.

Навуковы кіраўнік мэмарыялу Мая Кляшторная нагадала, што ўлады забаранілі ў непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў правядзеньне любых будаўнічых работаў. Цяпер Савет Міністраў павінен зацьвердзіць памеры ахоўных зонаў мэмарыялу. Але на гэтым праблемы ня скончыліся. Гаворыць супрацоўніца Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Валянціна Вяргей:

(Вяргей: ) “Цяпер задача — спыніць вандалізм. Тых, хто нішчыць крыжы, пастаўленыя грамадзкасьцю, амэрыканскі помнік. Трэба сканцэнтравацца на спыненьні вандалізму”.

Акрамя вандалаў, Курапаты часта наведваюць аматары пікнікоў, якія пакідаюць там горы сьмецьця. Як абараніць урочышча ад такіх наведнікаў? Актывістка грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Валянціна Трыгубовіч прапанавала:

(Трыгубовіч: ) “Мы не павінны зрабіць з Курапатаў месца змаганьня на доўгія, доўгія гады. Мы павінны пры жыцьці нашага пакаленьня ўпарадкаваць гэтае месца. Ці ня варта было б пачаць гаворку не пра ўзьвядзеньне мэмарыялу? Гэтая справа больш складаная, бо ў грамадзтве яшчэ не асэнсаваны яго мастацкі вобраз — а надаць мэмарыялу выгляд могілак. Гэта значыць абнесьці тэрыторыю Курапатаў традыцыйным беларускім мурам з натуральнага каменю. І такім чынам стварыць бар’ер для тых нашых грамадзянаў, якія не разумеюць ніякіх словаў”.

У выніку дыскусіі прадстаўнікі грамадзкасьці выпрацавалі комплекс захадаў дзеля абароны мэмарыялу. Курапацкая ініцыятыва прапануе ўладам як хутчэй вызначыць гаспадара мэмарыялу і яго ахоўныя зоны, неадкладна ліквідаваць пляцоўку фірмы “Вігэўрабуд”, вызначыцца ў справе будаўніцтва праваслаўнай капліцы і г.д. Удзельнікі круглага стала будуць патрабаваць, каб улады неадкладна абнесьлі Курапаты агароджай (хаця б часовай) і накіравалі на ахову мэмарыялу міліцэйскія патрулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG