Прадстаўнічая канфэрэнцыя, арганізаваная АБСЭ, закліканая ўзмацніць барацьбу з антысэмітызмам. Справа антысэмітыму перастала быць справай адных габрэяў, атысэмітызм пагражае ўсім, аб чым сведчыць досьвед 20 стагодзьдзя. Антысэмітызм зноў становіцца праблемай Эўропы, пры чым як Заходняй, гэтак і Ўсходняй, прызналі на канфэрэнцыі ў Вене.
Сёньня на канфэрэнцыі былі апублікаваныя два дакумэнты, якія датычаць Беларусі. У першым зь іх, лісьце ад імя Беларускага адукацыйнага цэнтру правоў чалавека, крытыкуецца Мінадукацыі Беларусі, якое не выконвае ўхвалены ўрадам нацыянальны плян адукацыі ў галіне правоў чалавека. У другім дакумэнце Эўраазіяцкі габрэйскі саюз апублікаваў свае справаздачы аб антысэмітызьме ў шэрагу постсавецкіх краінаў, у тым ліку Беларусі. Пра зьмест гэтай справаздачы паведамляе дэлегат канфэрэнцыі ад Беларусі Якаў Басін:
(Басін: ) “Дзяржава ўжо гатовая змагацца з антысэмітызмам, але не гатовая змагацца з асобнымі антысэмітамі. Праяваў антысэмітызму ў Беларусі дастаткова шмат. Гэта і вандалізм на могілках, і ідэалягічны антысэмітызм у СМІ, ёсьць выданьні, якія прапагандуюць такі лятэнтны антысэмітызм. Гэта і антысэмітызм дзяржаўных чыноўнікаў на розных узроўнях. На жаль, дзяржава стала робіць выгляд, што такой зьявы ў нас няма, што гэта выдумка габрэяў, што на гэта ня варта зьвяртаць увагу, бо гэта альбо выпадковае хуліганства, альбо праявы асобных людзей, але гэта, маўляў, зьява не агульнадзяржаўная. А ў выніку гэтая зьява пашыраецца”.
Тым ня менш, паводле спадара Басіна, Беларусь асабліва не выдзяляецца на агульным эўрапейскім фоне. Выключэньнем тут зьяўляецца Расея, сытуацыя з антысэмітызмам у якой выклікае, відаць, найбольшы клопат. Там паводле падліку Зьвязу расейскамоўных габрэяў сьвету выходзіць каля 60 пэрыядыячных выданьняў, якія дазваляюць сабе антыгабрэйскія выступы і прапаганду. Якаў Басін чакае, што канфэрэнцыя па антысэмітызьме прыме рашэньне аб стварэньні міжурадавай ці грамадзкай арганізацыі, якая будзе ажыцьцяўляць маніторынг праяваў антысэмітызму.