Пасьля перапынку аднавіўся працэс над Міхілам Лявонавым, былым дырэктарам Менскага трактарнага заводу, якога абвінавачваюць у шэрагу эканамічных злачынстваў, у тым ліку атрыманьні некалькіх мільёнаў даляраў ад камэрсантаў у якасьці ўзнагароды за дапамогу ў бізнэсе. Сёньня перад судзьдзямі выступіў новы сьведка — першы намесьнік дырэктара МТЗ Іван Літошка.
Ён прыйшоў на МТЗ ўсяго чатыры гады таму, адразу на пасаду намесьніка дырэктара матэрыяльнага забесьпячэньня, і пасьпеў адпрацаваць пад кіраўніцтвам Лявонава толькі два гады. Прычым сваю пасаду ён заняў ня зь нечай пратэкцыі, а ў выніку конкурсу, у якім бралі ўдзел ажно 10 дасьведчаных мэнэджэраў. Гэтая дэталь, відаць, мае значэньне, каб ацаніць шчырасьць сьведкі ў паказаньнях паводле справы свайго былога начальніка.
Нагадаю, цяпер суд вывучае эпізоды, у якіх, паводле сьледзтва, Лявонаў нібыта прымушаў сваіх намесьнікаў падпісваць нявыгадныя прадпрыемству кантракты з замежнымі пастаўцамі, а за гэта быццам бы атрымліваў ад іх грашовыя ўзнагароды. Сёньня вывучаліся два такія кантракты, падпісаныя Іванам Літошкам. Гэта дамовы на пастаўкі помпаў і колавых дыскаў з Украіны. У абодвух выпадках намесьнік дырэктара МТЗ ня лічыць. што кантракты былі нявыгадныя заводу. Наадварот, пастаўкі з Украіны выратавалі канвэер ад спыненьня, сказаў сьведка. А самае важнае, пра што ён заявіў, тычылася пазыцыі Лявонава адносна гэтых кантрактаў.
(Літошка: ) “Быў толькі адзін інцыдэнт, калі Лявонаў нас выклікаў і запатрабаваў, каб мы альбо разьлічыліся з пастаўцом за помпы, альбо далі тэрміновы адказ, калі гэта зробім, і ўсё. А наконт ціску з боку Лявонава пры заключэньні кантракту — такога ніколі не было”.
Дзейны першы намесьнік дырэктара МТЗ Іван Літошка таксама заявіў судзьдзям, што яму нічога невядома пра тое, быццам Лявонаў атрымліваў нейкія ўзнагароды ад пастаўцоў за падпісаньне зь імі кантрактаў.