Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЦЭІСТЫ Й ІХ БАЦЬКІ ВЫЙШЛІ НА ВУЛІЧНЫЯ АКЦЫІ


Любоў Лунёва, Менск

Як толькі ліцэісты выйшлі з будынку ліцэю, амонаўцы перакрылі ім шлях на вуліцу Кірава. Дзеці адразу хуценька пабеглі па вузенькай сьцежцы праз вуліцу Карла Маркса на праспэкт Францішка Скарыны. На праспэкце яны ўтварылі калёну і пайшлі ў бок Кастрычніцкай плошчы.

Міліцыянты з аўтамабіляў сачылі за калёнай. Ліцэісты на Кастрычніцкім пляцы зрабілі жывы ланцуг. Яны трымалі ў руках мапы Беларусі, падручнікі, і літары, зь якіх складалася: “Я люблю свой ліцэй!”

(Антон: ) “Мы прыйшлі сюды абараніць ліцэй наш родны. Ён стаў нашым другім домам. Я ўжо не ўяўляю сабе жыцьця безь ліцэю”.

(Ігар: ) “Хочам зьвярнуць увагу грамадзкасьці на тое, што ў нас робіцца зь ліцэем. Трэба, каб усе пра гэта ведалі”.

Міліцыянты ў цывільным падыходзілі да дзяцей і палохалі іх затрыманьнямі, калі тыя ня згорнуць мапы і ня спыняць сьпевы.

Была відавочная разгубленасьць амонаўцаў, якія на пачатку акцыі даволі рашуча кінуліся да ліцэістаў, але пасьля атрыманьня інструкцыяў па рацыі адышлі ад ланцугу і здалёк назіралі за тым, што адбываецца. Інспэктар аховы грамадзкага парадку спадар Лагодзіч падышоў да Вінцука Вячоркі й папрасіў спыніць акцыю. Ён пагражаў яму затрыманьнем як арганізатара акцыі. Калі спадар Лагодзіч даведаўся, што Вячорка ўдзельнічае ў акцыі як бацька ліцэіста, зьбянтэжыўся і адышоў ад яго. Бацькі ліцэістаў стаялі побач са сваімі дзецьмі. Некаторыя зь іх трымалі ў руках канстытуцыю.

(Паўлаў: ) “Мы баронім сваю мову, баронім сваю гісторыю, баронім права нашых дзяцей на атрыманьне адукацыі па-беларуску, баронім нашу культуру, нашу дзяржаўнасьць. Мы пайшлі на гэты крок пасьля бессэнсоўных перамоваў з адміністрацыяй Лукашэнкі й міністрам адукацыі. Мы ня ведаем, ці абаронім ліцэй. Але пайшлі на гэтыя радыкальныя меры, каб перамагчы і захаваць тое, што маем сёньня ў ліцэі”.

Пасьля пікету ліцэісты шэсьцем накіраваліся ў ліцэй. Толькі калі калёна наблізілася да будынку, ёй насустрач паехалі машыны з амонаўцамі ў цывільным. Машыны параўняліся з калёнай. Некалькі сэкундаў група амонаўцаў і грамада дзяцей глядзелі адны на адніх. Дзеці пайшлі ў будынак, а амонаўцы паехалі далей. Ліцэісты на сваім сходзе вырашылі заўтра паўтарыць акцыю, але ў іншым месцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG