Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЕ ДА ГРАМАДЗКАЙ ДЫСКУСІІ ПРА ПЕРАХОД НА РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Фактычна Аляксандар Лукашэнка абверг апошнія выказваньні ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікоў урадаў Беларусі й Расеі аб гатовасьці да падпісаньня дамовы пра пераход Беларусі на расейскі рубель. Беларускі кіраўнік вярнуў размовы аб супольнай валюце на ранейшыя пазыцыі: пераход на супольную валюту – гэта не пачатак, а вянец эканамічнай інтэграцыі Расеі й Беларусі, ні ў якім разе не наадварот.

Прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч так акрэсьліла канчатковую пазыцыю:

(Пяткевіч: ) “Спачатку стварэньне адзінай эканамічнай прасторы, гэта значыць роўнасьці для грамадзянаў, для суб’ектаў гаспадараньня ва ўсіх адносінах, а затым як вынік, як завяршальны этап — увядзеньне адзінай грашовай адзінкі”.

Аляксандар Лукашэнка абверг паведамленьні пра нейкі палітычны гандаль вакол пераходу Беларусі на расейскі рубель:

(Лукашэнка: ) “Ніякіх абяцаньняў, ніякіх заяваў і ніякіх запэўніваньняў на гэтай сустрэчы прэзыдэнта з Кудрыным і старшынём Цэнтрабанку з майго боку не было. Ніхто не абменьваў наш сувэрэнітэт на трэці, пяты ці дваццаць пяты тэрмін. Мой асабісты лёс і маё жыцьцё, у тым ліку ў палітыцы, — ён нічога не каштуе ў параўнаньні зь лёсам беларускага народу і нашай дзяржавы. Вынік павінен быць заснаваны на найважнейшым канцэптуальным пастуляце: толькі на прынцыпах раўнапраўя”.

Аляксандар Лукашэнка бачыць у пераходзе на расейскую валюту і плюсы, і мінусы. Ён кажа, што праз паўтара-два месяцы беларускі бок закончыць разгляд праекту гэтага пагадненьня. “Аднак нават калі гэты праект будзе ўхвалены ў рамках саюзнае дзяржавы, пагадненьне можа быць ажыцьцёўленае толькі тады, калі будуць выкананыя ўсе іншыя пагадненьні паміж Беларусьсю і Расеяй ў галіне эканомікі”, — заявіў А.Лукашэнка і прызнаў, што частка іншых пагадненьняў не выконваецца менавіта з-за расейскага боку. У прыватнасьці, як патлумачыла прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, гэта тычыцца дамоўленасьцяў аб кампэнсацыі стратаў беларускага бюджэту на 150–200 мільёнаў даляраў з прычыны зьмены прынцыпу атрыманьня ўскосных падаткаў.

Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму настойвае, што парадак эмісіі супольнай валюты будзе вызначаць Міжбанкаўская рада, дзе будуць прадстаўленыя Беларусь і Расея на роўных умовах, іншага беларускі бок ня прыме. Нягледзячы на тое, што Міхаіл Касьянаў і Генадзь Навіцкі называюць праект пагадненьня аб супольнай валюце амаль гатовым, А.Лукашэнка ўвогуле не зьбіраецца яго асабліва браць пад увагу — ён кажа, што канчатковае рашэньне ўсё роўна будуць прымаць прэзыдэнты.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што пытаньне пераходу на расейскі рубель ужо выклікала гарачыя спрэчкі ў грамадзтве. Яно настолькі важнае для краіны, што яго недапушчальна вырашаць кулюарна, без правядзеньня шырокай грамадзкай дыскусіі. Гэтае пытаньне ня будзе вырашацца без удзелу народу і ўсіх грамадзкіх і палітычных сілаў, у тым ліку апазыцыйных. Нельга не лічыцца зь меркаваньнем апазыцыі, там шмат “талковых людзей”, хоць яны і ставяцца да ўлады кепска, — прызнаў А.Лукашэнка. Сярод апошніх ён назваў колішняга кіраўніка Нацбанку Станіслава Багданкевіча.

Станіслаў Багданкевіч разам зь іншымі экспэртамі ужо быў запрошаны ўладай для абмеркаваньня гэтай праблемы:

(Багданкевіч: ) “Я быў на такой дыскусіі ў Нацыянальным банку, гэта было ўчора, мы выказалі, амаль аднадушна, што сама ідэя пераходу на расейскі рубель і адмова ад нацыянальнай валюты непрымальная. Ня толькі я гэта заявіў, але і іншыя таксама”.

Станіслаў Багданкевіч упэўнены, што няма патрэбы адмаўляцца ад нацыянальнай валюты, калі адбываецца яе стабілізацыя, што гэта супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. На думку спадара Багданкевіча, сёньняшнія выказваньні А.Лукашэнкі могуць сьведчыць, што той сапраўды пачаў задумвацца. Але С.Багданкевіч не выключае, што гэта можа сьведчыць і пра звычайны гандаль з Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG