Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПРАПАНУЕ АПАЗЫЦЫІ ПРАВЕСЬЦІ ЭКСПЭРТЫЗУ ДАМОЎЛЕНАСЬЦІ ПРА АДЗІНЫ ЭМІСІЙНЫ ЦЭНТАР

Юры Дракахруст, Прага

Я хачу зьвярнуць увагу на некалькі момантаў у заяве Лукашэнкі. “Рашэньне па эмісіі мусіць прымаць міжббанкаўская рада, дзе абодва бакі будуць у роўных умовах. Іншага я ніколі не прыму”, – заявіў кіраўнік дзяржавы. Але паводле пагадненьня, пра якое распавядалі і расейскі віцэ-прэм’ер Аляксей Кудрын, і намесьнік старшыні Нацбанку Беларусі Павал Калаўр, права на эмісію наяўных рублёў мяркуецца цалкам пакінуць за Расеяй, а пры рашэньнях наконт эмісіі безнаяўных грошай Беларусь будзе мець толькі два галасы асобаў, уведзеных у склад кіраўніцтва Цэнтрабанку Расеі. Роўнасьцю гэта назваць цяжка.

Сёньня ў Санкт-Пецярбургу прэмьер Беларусі Генадзь Навіцкі ў размове з расейскім калегам Міхаілам Касьянавым казаў, што пагадненьне пра пераход Беларусі на расейскі рубель падрыхтаванае і ў хуткім часе можа быць падпісанае. Лукашэнка ў Менску казаў цалкам адваротнае, ён падкрэсьліў, што гэты дакумэнт – толькі падмурак для перамоваў, яго яшчэ месяц-два трэба вывучаць, а рашэньне будуць прымаць прэзыдэнты. Яшчэ адзін момант – Лукашэнка сказаў, што адзіная валюта зьявіцца толькі тады, калі будуць выкананыя ўсе двухбаковыя эканамічныя пагадненьні, і адразу ж абвінаваціў Расею ў іх невыкананьні. Такім чынам гэтае “тады” гучыць як сынонім “ніколі”.

Падчас свайго выступу Лукашэнка сказаў, што праект пагадненьня будзе дадзены на экспэртызу беларускай апазыцыі. Здаецца, упершыню да апазыцыі зьвярнуліся з такой прапановаю. Меркаваньні апазыцыі на гэты конт добра вядомыя, у тым ліку і кіраўніку дзяржавы. Але, ведаеце, як той казаў, калі хочуць рабіць – робяць, калі ня хочуць, шукаюць тлумачэньні, чаму рабіць ня трэба. Тут і апазыцыя можа прынесьці пэўную карысьць. Так што гэтая прапанова – яшчэ адно пацьверджаньне таго, што пераходзіць на расейскі рубель ня хочуць і ня будуць. Да таго ж такі зварот да апазыцыі можна будзе падаць Захаду як праяву дэмакратызму, як дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю і з апанэнтамі ўлады.

Кіраўнік Беларусі неаднаразова адмаўляўся ад заключаных дамоўленасьцяў. Але цяпер гэта адбылося неяк надзвычай хутка – расейскі віцэ-прэм’ер Кудрын дамаўляўся з Лукашэнкам толлькі два тыдні таму, прычым нагадаю, што візыту Кудрына папярэднічала тэлефонная размова Пуціна з Лукашэнкам. Магчыма, сёньняшнія заявы Лукашэнкі сталі рэакцыяй на камэнтары расейскіх мэдыяў і палітыкаў што да дамоўленасьці наконт эмісійнага цэнтру. Расейскія журналісты ў чарговы раз пачалі казаць пра паглынаньне Беларусі, пра тое, што Лукашэнка здаўся і падпарадкаваўся Крамлю. А кіраўнік Беларусі рэагуе на такія размовы вельмі рэзка. Але ня выключаны і яшчэ адзін чыньнік. Мы ўжо паведамлялі пра сакрэтны візыт у ЗША кіраўніка Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, пра спробы афіцыйнага Менску празь Мясьніковіча палепшыць адносіны з Вашынгтонам. І адбываўся ён акурат пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Кудрына. Магчыма, што амэрыканскія суразмоўцы Мясьніковіча перадалі кіраўніку Беларусі параду не сьпяшацца са здачаю эканамічнага сувэрэнітэту.
XS
SM
MD
LG