Арганізатарамі гэтай канфэрэнцыі выступіла Рада Эўропы, арганізацыя “Артыкул-19” і Беларуская асацыяцыя журналістаў. У ёй бяруць удзел вядомыя беларускія журналісты, палітыкі, грамадзкія дзеячы, а таксама экспэрты з шэрагу эўрапейскіх краінаў і Расеі. Прадстаўнікі дзяржаўных тэлеканалаў запрашэньне на канфэрэнцыю праігнаравалі.
Віцэ-прэзыдэнт БАЖ, а ў мінулым вядомы тэлежурналіст Эдуард Мельнікаў так патлумачыў мэту гэтага мерапрыемства:
(Мельнікаў: ) “Тэлебачаньне, якое ёсьць у нашай краіне — толькі дзяржаўнае. І гэтае тэлебачаньне ня толькі на мой погляд, але й калегаў, якія там працавалі і працуюць, не выконвае сваіх абавязкаў перад грамадзтвам. Яно не даносіць да грамадзтва аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне й за яе межамі. Яно не далучае да вострых грамадзкіх праблемаў усе колы нашага насельніцтва. І таму яно прыносіць шкоду”.
Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў лічаць, што адзіным выйсьцем з гэтай сытуацыі магло бы стаць стварэньне сапраўднага грамадзкага тэлебачаньня. Але як гэта зрабіць у цяперашніх палітычных умовах? Многія ўдзельнікі канфэрэнцыі казалі, што гэты праект пакуль нерэальны й нават фантастычны. Так, на думку экс-старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслава Грыба, толькі пасьля зьмены ўлады магчымае рэфармаваньне тэлебачаньня. Таму і палітыкам, і журналістам трэба рабіць усё магчымае, каб перамагчы на выбарах.
А вось меркаваньне прадстаўніка Дырэктарату па правах чалавека і СМІ Рады Эўропы Марыё Атгаймэра:
(Атгаймэр: ) “У нейкай ступені я згодны. Тым ня менш, хаця гэта й называюць фантастычным праектам, але ж падобныя праекты былі зьдзейсьненыя ў многіх іншых эўрапейскіх краінах. Я думаю, што ў Беларусі ёсьць людзі, гатовыя да рэфармаваньня тэлевяшчаньня. Мы ня можам нічога не рабіць, гэты працэс павінен пачынацца. Бо ёсьць жа станоўчыя прыклады рэфармаваньня ў іншых краінах”.
Два дні ўдзельнікі канфэрэнцыі абмяркуюць розныя аспэкты дзейнасьці тэлебачаньня й магчымыя шляхі яго рэфармаваньня. Арганізатары канфэрэнцыі лічаць, што час для гэтага настаў. Удзельнікі мерапрыемства плянуюць прыняць адмысловую рэзалюцыю і ўхваліць Канцэпцыю грамадзкага тэлевяшчаньня ў Беларусі, распрацаваную Цэнтрам прававой дапамогі СМІ.