Ліцэісты, якіх дагэтуль стрымлівалі іх бацькі й выкладнікі, заўтра выйдуць на вулічныя акцыі. Акцыі пройдуць без палітычных лёзунгаў, бо галоўнай мэтай ёсьць абарона Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю. Ліцэісты выйдуць з навучальнымі дапаможнікамі. Яны паведамілі, што не баяцца затрыманьняў. Акцыі будуць праходзіць некалькі дзён.
(Міхась: ) “Мы прыйшлі да высновы, што нам усё роўна трэба выходзіць на вуліцы, бо Міністэрства адукацыі і Пётра Брыгадзін ніякага пэўнага адказу нам не далі. Цяпер на каго нам спадзявацца, мы ня ведаем. Мы спадзяемся на беларускі народ, які праявіць нейкі розум. Таму мы і выйдзем на вуліцы. Спадзяемся, што людзі нас падтрымаюць”.
18 чэрвеня навучэнцы рыхтаваліся да заўтрашняй акцыі й ладзілі генэральную рэпэтыцыю сёньняшняй вечарыны. На вечарыну запрасілі міністра адукацыі й ягоных намесьнікаў, а таксама ўсіх амбасадараў.