Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“DIE PRESSE”: “БЕЛАРУСКІ АЎТАКРАТ НА КАРОТКІМ ПАВАДКУ Ў ПУЦІНА”

Ул. інф.

Прадстаўнічую імпрэзу, у якой бралі ўдзел вядучыя заходнія экспэрты ў пытаньнях Усходняй Эўропы, ладзіў Аўстрыйскі інстытут міжнароднай палітыкі (OIIP). Галоўнае пытаньне дыскусіі сфармуляваў прадстаўнік праваабарончай “Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі” Ааран Родэс: “Ці мае Беларусь — адна з найбольш гістарычна нешчасьлівых эўрапейскіх краінаў — нейкія шанцы на дэмакратызацыю?”

Паводле самога спадара Родэса, усё залежыць ад таго, як будзе вырашаны лёс Лукашэнкі. Пакуль відавочна тое, што беларускі кіраўнік мэнтальна і эмацыйна прыгнечаны.

Паводле іншага ўдзельніка імпрэзы, вядучага супрацоўніка бэрлінскага фонду навукі й палітыкі (цэнтру, які мае добрае рэнамэ ў Эўропе) Гайнца Тымэрмана, нягледзячы на тое, што Лукашэнка з кожным годам становіцца ўсё больш недаверлівым ды ізаляваным, ён не перастае быць хітрым, спрытным і вынаходлівым палітыкам. З гледзішча бэрлінскіх аналітыкаў, каб пахіснуць уладу беларускага аўтакрата, неабходнае ўзаемадзеяньне адразу некалькіх фактараў.

Фактар першы — беларуская эканоміка. Яна на 80% падкантрольная дзяржаве, і яе стан штогоду працягвае пагаршацца. Аднак сама эканамічная сытуацыя ня ёсьць пачаткам канца Лукашэнкі, — перакананыя аўстрыйскія дыпляматы. Нягледзячы на даўнія прадказаньні экспэртаў адносна эканамічнага каляпсу ў краіне, гэты самы каляпс так і не настаў. Магчыма, і ўвогуле не настане ў зьвязку з тым, што ў Беларусі функцыянуе “дачная эканоміка”, — лічыць Гайнц Тымэрман. Жыхары краіны навучыліся выжываць, дзякуючы напружанай працы на ўласных лецішчах.

Фактар другі. Далейшае кансалідацыя апазыцыі. Аднак пры гэтым ня трэба забывацца, што і ў шэрагах беларускага палітычнага кіраўніцтва зьявілася нямала кампэтэнтных кадраў.

Яшчэ адзін момант — на ім акцэнтуе ўвагу Ааран Родэс: беларускі аўтакрат знаходзіцца на кароткім павадку ў Пуціна. Беларусь залежная ад расейскай сыравіны, ад гандлю са сваім усходнім суседам, ад таго, што 80% афіцэрскага корпусу беларускіх узброеных сілаў — расейцы.

І апошняе. Беларуская намэнклятура, палітычная і эканамічная эліта краіны, становіцца ўсё больш ненадзейнай. Паводле Тымэрмана, як толькі намэклятурнікі адчуюць, што Масква зацікаўленая ў падзеньні рэжыму, яны ж самі й здадуць Лукашэнку. Як лічыць бэрлінскі аналітык, шлях да дэмакратыі і рынку ў Беларусі магчымы ў тым выпадку, калі кампэтэнтныя людзі з намэнклятуры знойдуць агульную мову з апазыцыйнымі палітыкамі й пойдуць на стварэньне кааліцыі здаровага сэнсу.
XS
SM
MD
LG