У Ермалавіцкай школе, калі яе дырэктарам 20 гадоў таму стаў Пётар Прохараў, вучылася паўсотні дзяцей, а сёлета ў ёй было 13 вучняў. Раённая ўлада палічыла, што ўтрымліваць школу нявыгадна. Пётар Прохараў рашэньне райвыканкаму аб закрыцьці сваёй школы не аспрэчвае.
(Прохараў: ) “Ня ведаю, начальству лепей бачна. Мабыць, і справядліва. Таму што ў нас у наступным навучальным годзе было б толькі 10 дзяцей. Дзяцей усё меней і меней”.
У Бялыніцкім раённым аддзеле адукацыі запэўніваюць, што працу ўсім настаўнікам з зачыненых пачатковых школаў знойдуць. Пятру Прохараву працу сапраўды прапанавалі, аднак за 10 кілямэтраў ад Ермалавічаў, дзе ён жыве.
Школьны апальшчык Мікалай Васільевіч, які таксама страціціь працу з 1 верасьня, больш клапаціцца пра малых дзяцей:
(Мікалай: ) “А як малых дзяцей гэтых вазіць будуць? Проста не ўкладаецца ў галаве. І аўтобус гэты — калі зламаецца, калі не. Калі завязе, а калі і бэнзыну няма”.
Старэйшыя школьнікі з-за праблемаў з аўтобусам, гаворыць Мікалай Васільевіч, сёлета часта прагульвалі школу. Бо дабірацца самастойна, тым больш узімку, дзеці ня могуць.
(Мікалай: ) “Яны ж прыйдуць да мяне зімой у школу, дык рукі памерзнуць, іншым разам і адціраем рукі. Плача, што рукі памерзьлі, ну што ты зробіш! Ня ведаю, што будзе далей”.
Бацькі малодшых школьнікаў у Ермалавічах пытаюцца, што ім рабіць. Маці 7-гадовага хлопчыка Натальля Якушава на аўтобус ня вельмі спадзяецца.
(Якушава: ) “Які аўтобус? Гэта такая “лапша”! Вось як мне дзіцёнка пусьціць у 7 гадоў? Што ў яго — розуму шмат? Гэта ж як-ніяк, а сем кілямэтраў”.
У Вішоўскім сельскім савеце, на тэрыторыі якога знаходзяцца Ермалавічы, ня лічаць закрыцьцё школы вялікай праблемай. Сакратарка савету Людміла Малахава паведаміла, што скаргаў ад бацькоў зь Ермалавічаў не было.
(Малахава: ) “А што людзі зробяць — яны нічога ня зробяць. Калі ўжо раён вырашыў, то што людзі зробяць? Куды паскардзіцца можна?”
У Ермалавічах сапраўды лічаць, што скардзіцца бессэнсоўна.
(Якушава: ) “Кіньце, хто на нас калі зьвяртаў увагу? Каму хто цяпер патрэбны — тым больш дзеці? Увогуле людзей за людзей ня лічаць”.
Сёлета ў Ермалавічах зачыняюць ня толькі пачатковую школу, але і дзіцячы садок. Хаця вёска вялікая: тут больш за сто двароў. Гавораць, што калі ў вёсцы зачыняюцца сацыяльныя ўстановы, у яе больш няма будучыні. Маладыя спэцыялісты не жадаюць працаваць там, дзе няма магчымасьці выхоўваць і вучыць дзяцей. Гэткі лёс можа напаткаць і бялыніцкія Ермалавічы.