Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРШАНСКІХ СЯБРОЎ КХП БНФ АШТРАФАВАЛІ ЗА ПІКЕТ

Браніслава Станкевіч, Ворша

Судзьдзя Аршанскага гарадзкога суду Ігар Калесьнік абвесьціў вырак Яўгеніі Казловай ды Ўладзімеру Карабанаву — двум сябрам КХП БНФ, якія прызнаныя вінаватымі ў парушэньні закону пра правядзеньне вулічных акцыяў. Кожнаму зь іх прысуджаны штраф 20 базавых велічыняў, што складае 288 тысяч беларускіх рублёў.

Судовы працэс над удзельнікамі пікету, што прайшоў у Воршы 11 студзеня, доўжыўся больш як пяць месяцаў, за гэты час двойчы мяняліся судзьдзі ды некалькі разоў фармулёўка абвінавачаньня. Паводле заявы сьведкаў-міліцыянтаў, пікетоўцаў мусілі прыцягнуць да адміністрацыйнае адказнасьці за выкарыстаньне плякатаў, дзе згадваўся Аляксандар Лукашэнка — плякату “Лукашызм зьнішчае Беларусь” ды іншых.

Аднак абвінаваціць пікетоўцаў у абразе гонару ды годнасьці Аляксандра Лукашэнкі, як гэта меркавалася спачатку, судзьдзям перашкодзіла тая акалічнасьць, што пікет быў санкцыянаваны ўладамі. Таму двое пікетоўцаў пакараныя нібыта з прычыны неадпаведнасьці зьместу іхных плякатаў тэме замоўленай акцыі — “Пратэст супраць зьбядненьня беларускага народу”.

Яшчэ адзін удзельнік пікету, Юрась Конышка, мусіць чакаць свайго выраку яшчэ колькі часу: два месяцы таму ён быў прызначаны судовым засядацелем у тым самым гарадзкім судзе. І, паводле сучаснага заканадаўства, ён ня можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнае адказнасьці бяз санкцыі гарвыканкаму, які зацьвердзіў ягоную кандыдатуру. Цяпер міліцыянты мусяць зьвярнуцца ў гарвыканкам з адпаведным запытам, пасьля чаго судовы працэс над Юрасём Конышкам будзе працягнуты.
XS
SM
MD
LG