Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР КВАСЬНЕЎСКІ ЎРУЧЫЎ ЎЗНАГАРОДУ БЕЛАРУСКАМУ ПІСЬМЕНЬНІКУ ЗЬ БЕЛАСТОЧЧЫНЫ САКРАТУ ЯНОВІЧУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сакрат Яновіч быў абраны аўтарытэтным журы ў якасьці ляўрэата ўзнагароды імя Анджэя Дравіча сярод 30 кандыдатаў з Нямеччыны, Вялікабрытаніі, ЗША ды іншых краінаў.

Сябра журы, адзін з найбольш выбітных польскіх інтэлектуалаў і грамадзкіх дзеячоў Яцэк Куронь, у прывітальным лісьце патлумачыў выбар сёлетняга ляўрэата наступным чынам: “Я веру, што творчасьць пісьменьніка, паэта, публіцыста і выдаўца Сакрата Яновіча мае для самасьвядомасьці сучасных беларусаў, а таксама для справы зьбліжэньня беларусаў і палякаў, вялізнае значэньне. Заўважу, што на беларуска-польскім памежжы нараджаліся і нараджаюцца шмат талентаў. Узгадаю Адама Міцкевіча, для якога беларускія народныя традыцыі былі надзвычайна важныя. Пачынаючы “Пана Тадэвуша” словамі “Літва, айчына мая”, ён пісаў пра ўсё Вялікае Княства Літоўскае – дзяржаву, дзе канцылярыя карысталася беларускай мовай. Можна сьмела сказаць, што колішняе ВКЛ было чымьсьці накшталт той аб’яднанай Эўропы, пра якую мы цяпер марым –Эўропай многіх культураў і народаў”.

У часе ўрачыстай цырымоніі, якая цягам гадзіны трансьлявалася ў жывым эфіры першых праграмаў польскага тэлебачаньні і радыё, пра супольную гістарычную спадчыну беларусаў і палякаў, а таскама пра значэньне асобы Сакрата Яновіча ў сёньняшняй Польшчы гаварыў і прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі.

(Квасьнеўскі: ) “Сакрат Яновіч ёсьць выбітнай індывідуальнасьцю ў культурным, інтэлектуальным і грамадзкім жыцьці нашай краіны, гарачым прыхільнікам суіснаваньня народаў на падставе узаемнай павагі і ўзаемнага ўзбагачэньня. Як вядома, вялікай любоўю спадара Яновіча ёсьць Беларусь, беларусы і беларускасьць. Мы вельмі ўдзячныя ляўрэату зя ягоныя заклікі больш пільна прыглядацца да Беларусі, адкрыць у ёй частку ўласнага гістарычнага лёсу і ўласнай самасьвядомасьці. Усё яшчэ мала хто з палякаў ведае, што цягам стагодзьдзяў Беларусь рабіла свой вялізны ўклад у спадчыну Рэчыпаспалітай, што афіцыйнай мовай Вялікага княства Літоўскага была менавіта беларуская мова, а нашыя навялікшыя нацыянальныя героі - Касьцюшка ці Міцкевіч, паходзяць зь Беларусі. Мы мала думаем пра драматычны лёс беларускага народу, які воляй гісторы аказаўся на памежжы ўсходняй і заходняй культураў. Пра тое, як цяжка жывецца гэтаму народу цяпер, ва ўмовах недахопу дэмакратыі, абмежаваньньяў свабоды слова і неэфектыўнай эканомікі”.

Далей польскі прэзыдэнт бадай што ўпершыню вызначыў прыярытэты сваёй краіны ў дачыненьнях зь Беларусьсю:

(Квасьнеўскі: ) “Польшча павінна адчуваць адказнасьць за лёс Беларусі і быць зь ёй салідарнай, як калісьці з нашымі незалежніцкімі і дэмакратычнымі імкненьнямі салідарызаваліся заходнія краіны. Мы павінны быць салідарныя з галасамі супраць зла, якія ўздымаюцца ў Беларусі. Польшча ў Эўрапейскім Зьвязе будзе рабіць усё, каб на нашым кантынэнце не было больш ніякіх жалезных заслонаў”.

У сваю чаргу Сакрат Яновіч у часе сваёй прамовы шчыра падзякаваў прэзыдэнту, які зьяўляецца ганаровым патронам узнагароды імя Анджэя Дравіча, а таксама сябрам журы і сказаў, што гэтая ўзнагарода для яго ёсьць пачаткам новага пэрыяду ў жыцьці. Спадар Яновіч лічыць, што ўрачыстасьці, зьвязаныя зь ягоным ушанаваньнем, і асабліва прамова прэзыдэнта Квасьнеўскага, важныя ня толькі для яго, як пісьменьніка і грамадзкага дзеяча, але і для усіх Беларусаў. Гаворыць Сакрат Яновіч:

(Яновіч: ) “Вы не ўяўляеце, як я быў рады, слухаючы, колькі тут, у прэзыдэнцкім палацы – самым цэнтры Польшчы, было гутаркі пра Беларусь. Я адчуваю, што здарылася нешта нечуванае раней, нешта важнае ня толькі для мяне, але і для шырэйшай справы. Я падумаў: “Нарэшце мы робімся роўнымі партнэрамі, бо калі гаворыцца столькі пра Беларусь у асяродзьдзі прэзыдэнта Польшчы, то значыць, што мы вартыя і роўныя, і можам ісьці наперад і не азірацца – бяз комплексаў”.

Пісьменьнік, перакладчык і грамадзкі дзяяч Сакрат Яновіч нарадзіўся у 1936 годзе. Ён ёсьць адным з заснавальнікаў літаратурнага таварыства “Белавежа”, а таксама старшынём Беларускага нацыянальнага аб’яднаньня ў Беластоку. Сярод ягоных кнігаў, выдадзеных у Польшчы – “Вялікі горад Беласток” (1973), "Срэбны вершнік” (1984), "Сьцяна” (1979).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG