Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІ ГАРВЫКАНКАМ ПРОСІЦЬ АДНАВІЦЬ ПРАЦУ ВЫЦЬВЯРЭЗЬНІКА НА ЧАС “СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ”

Браніслава Станкевіч, Віцебск

І першым, хто наважыўся нагадаць пра тое, што алькагалізм па-ранейшаму ёсьць фактарам грамадзкае небясьпекі, стаўся Віцебскі гарвыканкам – ён вырашыў зьвярнуцца да абласное ўправы унутраных спраў з прапановаю тэрмінова ўзнавіць працу гарадзкога выцьвярэзьніка.

Як высьветлілася, разам з закрыцьцём выцьвярэзьніку алькагалізм ды п’янства ў Віцебску нікуды ня зьніклі. Паводле зьвестак гарвыканкаму, у горадзе за апошнія 5 месяцаў узровень злачыннасьці ўзрос на 42%, прычым большая частка – гэта так званыя “п’яныя злачынствы”. Было прызнана, што ў гэтым сэнсе закрыцьцё выцьвярэзьніка не спрыяе паляпшэньню крымінагеннае абстаноўкі, бо нецьвярозых грамадзянаў, здатных на рознага кшталту нядобрыя ўчынкі, цяпер практычна нічога не спыняе.

Функцыі выцьвярэзьніка мусілі ўзяць на сябе віцебскія мэдычныя ўстановы. Нецьвярозых грамадзянаў дастаўляюць туды, і гэта сталася праблемай для віцебскіх шпіталяў, бо, прыйшоўшы ў больш-менш сьвядомы стан, яшчэ ня дужа цьвярозыя пацыенты распачынаюць сваркі ды нават бойкі з мэдычным пэрсаналам. Паводле словаў намесьніка галоўнага лекара мэдычнага аб’яднаньня №4 спадара Сазонава, такія пацыенты здольныя паралізаваць усю працу шпіталю. Да прыкладу, за мінулыя чатыры месяцы – з моманту закрыцьця ў лютым гарадзкога выцьвярэзьніка – у гарадзкія мэдычныя ўстановы даставілі 213 чалавек у вельмі, скажам так, нецьвярозым стане. Толькі каля 30 зь іх атрымалі тэрміновую мэдычную дапамогу, бо былі моцна зьбітыя. Астатнія проста адсыпаліся ў прыёмным пакоі. Але гэта было цягам апошніх некалькі месяцаў. А наперадзе віцяблянаў чакае фэстываль “Славянскі базар”, у часе якога колькасьць п’яных расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. Таму віцебскі гарвыканкам і просіць узнавіць працу выцьвярэзніка хаця б на час фэстывалю, бо мэдычныя ўстановы проста ня здольныя будуць выконваць і свае функцыі, і функцыі выцьвярэзьніка.

Фэстываль “Славянскі базар” у Віцебску сапраўды вызначаецца масавым п’янствам, прычым зь вялікай колькасьцю нецьвярозых падлеткаў ды нават малых дзяцей, якіх чамусьці адпускаюць гуляць па начох іхныя бацькі. І бесьперапынным на працягу цэлага тыдня. І не было яшчэ ніводнага году, каб фэстываль абышоўся безь вялікае трагедыі – былі тут і забойствы, зьдзейсьненыя п’янымі кампаніямі, і аўтамабільныя аварыі з ахвярамі нецьвярозых кіроўцаў, і крадзяжы, і бойкі.

Міліцэйскае начальства пакуль ніяк не адрэагавала на просьбу гарвыканкаму. У красавіку нібыта было прынятае рашэньне аднавіць з 1 траўня выцьвярэзьнікі ў Віцебску ды яшчэ трох гарадах вобласьці. Але дагэтуль выцьвярэзьніку ў Віцебску няма. Перадусім таму, што ў Міністэрства ўнутраных справаў бракуе грошай. Таму гарадзкія ўлады выказалі намер прафінансаваць працу выцьвярэзніку ў часе “Славянскага базару” непасрэдна з гарадзкога бюджэту.
XS
SM
MD
LG