У склад польскай дывізіі ўвойдуць больш за 2 тысячы польскіх жаўнераў, каля 2 тысячаў украінцаў, тысяча гішпанцаў і розныя колькасьці вайскоўцаў зь Літвы, Латвіі, Баўгарыі, Славаччыны, Вугоршчыны, а нават Сальвадору і Гандурасу.
Апроч гэтага, Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія, Данія, Нарвэгія і Галяндыя накіруюць у штаб польскай дывізіі сваіх афіцэраў для дапамогі і каардынацыі дзеяньняў. Разам у склад польскай дывізіі ўвойдуць 10 000 жаўнераў.
Паводле адмыслоўцаў, істотна і тое, што, у часе нядаўняга візыту ў Варшаве старшыня Рады бясьпекі Расеі Ўладзімер Рушайла паабяцаў, што ягоная краіна, якая мае вельмі багаты досьвед што да ірацкіх справаў, гатовая дапамагчы Польшчы, перадусім, інфармацыяй выведкі.
Польшча будзе кантраляваць гэтак званы паўднёва-цэнтральны сэктар Іраку паміж Багдадам і Басрай, у які ўваходзяць 5 ірацкіх правінцыяў. Напярэдадні ў гэты сэктар накіраваліся некалькі сотняў польскіх жаўнераў, каб падрыхтаваць базы для галоўных сілаў, якія мусяць быць перакінутыя ў Ірак да пачатку верасьня. У гэты час ЗША цалкам перададуць кіраваньне сэктарам польскім сілам.
Польшча возьме таксама заўважны ўдзел і ў цывільнай адбудове Іраку. Сёньня ў Багдад паляцеў былы міністар фінансаў Польшчы прафэсар Марэк Бэлька, які ўзначаліць там адмысловы Міжнародны каардынацыйны камітэт. Гэтая арганізацыя, сярод іншага, будзе займацца разьмеркаваньнем сродкаў ад продажу ірацкай нафты, а таксама міжнароднай дапамогі, на адбудову гаспадаркі ў Іраку.
Шматбаковая прысутнасьць Польшчы ў Іраку, акрамя ўласна палітычнага значэньня, дасьць магчымасьць шэрагу польскіх фірмаў атрымаць шматмільённыя кантракты на розныя работы, зьвязаныя з аднаўленьнем ірацкай гаспадаркі.