Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САКРЭТНЫ ПАСЛАНЕЦ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ НАВЕДАЎ ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ?


Аляксандар Лукашук, Прага

Прозьвішча сакрэтнага пасланца – Міхаіл Мясьніковіч, прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі, былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле “Strategic Forecasting”, ён знаходзіўся ў Вашынгтоне ад 7 да 10 чэрвеня. Аўтары аналізу адзначаюць, што Менск і Вашынгтон візыт не афішуюць. Ніхто быццам не зацікаўлены, каб пра яго ведала Масква, амэрыканскі урад хацеў бы запабегчы адмоўнай рэкляме, зьвязанай зь перамовамі з адыёзным рэжымам –саюзьнікам Садама Хусэйна.

У публікацыі сьцьвярджаецца, што зь Мясьніковічам, які мае рэпутацыю чалавека з дэмакратычнымі схільнасьцямі, сустракаліся супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту і Міністэрства гандлю, а таксама – нават супрацоўнікі Рады бясьпекі. Дыялёг, які быццам распачаў Мясьніковіч, парцягваецца па дыпляматычных каналах.

Паведамляецца, што Менск прапанаваў са свайго боку пэўныя саступкі – не прадаваць зброі праблемным краінам, стварыць спрыяльныя ўмовы для амэрыканскіх інвэстыцыяў, а таксама быццам бы не ўжываць сілы супраць мірных выступаў апазыцыі. У сваю чаргу, Менск просіць Вашынгтон выключыць Беларусь са сьпісу сваёй павышанай крытычнай увагі, спыніць антыбеларускую прапаганду і спыніць адкрытую і тайную падтрымку апазыцыі.

Амэрыканскія аналітыкі тлумачаць тую акалічнасьць, што бакі быццам хацелі трымаць гэтыя перамовы ў сакрэце ад Масквы тым, што інтарэсы Масквы і Вашынгтону ў Беларусі розныя і нават супрацьлеглыя. Амэрыканскія аўтары аналізу лічаць, што ў інтарэсах ЗША – ахалоджаньне адносінаў паміж Менскам і Масквой. У такім выпадку Расея страціць свае стратэгічныя пазыцыі на Захадзе, будзе няздольнай захаваць моцную сувязь з Бэрлінам і Парыжам, каб супрацьстаяць Амэрыцы. Менск таксама зацікаўлены ў зьмяншэньні расейскага ўплыву ў Беларусі – такім чынам ён атрымае больш увагі і павагі ад Крамля.

Доўгатэрміновая выснова аўтараў публікацыі, аднак, на карысьць геаграфіі – гэта больш моцны чыньнік у пабудове саюзаў, чым палітычныя інтарэсы. Безь Беларусі Масква будзе геастратэгічна неабароненая, сьцвярджаецца ў аналітычнай публікацыі “Strategic Forecasting”.


P.S. Рэдацыя пакуль ня мае пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых незалежных крыніцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG