Паводле вынікаў леташняга ўсеагульнага перапісу насельніцтва, беларуская нацыянальная меншасьць ёсьць другой паводле колькасьці пасьля меншасьці нямецкай, да якой сябе залічваюць 150 тысячаў польскіх грамадзянаў.
Яшчэ напярэдадні некаторыя беларускія дзеячы Беласточчыны адзначалі, што перапіс адбываецца ва ўмовах, якія не спрыяюць таму, каб беластоцкія беларусы маглі цалкам свабодна выказваць сваю нацыянальную прыналежнасьць. У сувязі з гэтым прагназавалася нават, што беларусамі назавуцца ня больш за 20 тысячаў жыхароў Беласточчыны.
Вынікі перапісу для нашага радыё пракамэнтаваў старшыня Беларускага Зьвязу ў Польшчы Яўген Вапа:
(Вапа: ) “Тое, што беларусамі назваліся 50 тысячаў чалавек – вынік вельмі добры, калі браць пад увагу ўмовы, у якіх мы знаходзімся, і сытуацыю, у якой адбываўся перапіс. Браць пад увагу трэба і тое, што іншыя меншасьці, у адрозьненьне ад нас, маюць моцнае апірышча ў сваёй духоўнай Бацькаўшчыне. Мы лічым, што гэтыя вынікі сьведчаць пра тое, што рэальная колькасьць беларусаў, якія жывуць у Польшчы – 100-150 тысячаў”.
Сапраўднай нечаканасьцю леташняга перапісу можна лічыць тое, што ажно 173 тысячы грамадзянаў Польшчы, якія жывуць у асноўным у раёне Сілезіі ці “Сьлёнзку”, задэкляравалі, што зьяўляюцца не палякамі паводле нацыянальнасьці, а сілезцамі, ці “сьлёнзакамі”. Польская статыстыка, аднак, не залічвае іх да нацыянальных меншасьцяў, а толькі да “этнічных супольнасьцяў”, бо гэты народ ня мае “вялікай Радзімы”.