Перамовы, якія ідуць у Маскве на працягу некалькіх апошніх тыдняў паміж беларускімі чыноўнікамі й прадстаўнікамі “Газпраму”, пакуль не далі канкрэтных вынікаў. Свае прапановы наконт стварэньня прадпрыемства беларускі бок здолее падрыхтаваць і ўзгадніць з урадам толькі да 30 чэрвеня, так што перамовы працягнуцца ў ліпені. Чаму прадстаўнікам Беларусі й Расеі так і не ўдалося своечасова выканаць падпісанае пагадненьне? Каму было выгадна зацягваць перамовы і чаму? Вось што адказвае на гэтае пытаньне прэзыдэнт навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:
(Раманчук: ) “Безумоўна, зацягваў час беларускі бок, адміністрацыя прэзыдэнта. Бо каб падпісаць усе дамовы і ўзгадніць канцэпыю разьвіцьця “Белтрансгазу”, трэба было б значна перагледзець канцэпцыю эканамічнай палітыкі беларускага ўраду. Але паколькі Лукашэнка кажа, што ён стратэгічна выбраў слушны шлях, то “Белтрансгаз” стаў як бы закладнікам сытуацыі.
З аднаго боку, трэба вырашаць нейкія эканамічныя пытаньні дастаўкі газу і цаны на яго, а зь іншага — трэба вырашаць палітычныя праблемы трэцяга тэрміну Лукашэнкі, канстытуцыйнага акту і гэтак далей. Беларускі бок, разглядаючы гэты праект як найперш палітычны, паказаў Расеі яшчэ раз, што не зьбіраецца інтэгравацца па тым шляху, які намалявалі расейцы.
Калі б беларускі бок увогуле ня меў аніякай падтрымкі з Расеі, ён бы так сабе не паводзіў. А паколькі ён мае падтрымку — не Крамлю ці “Газпраму”, а пэўных паўценявых прыватных структураў, які займаюцца пэўнымі гандлёвымі схемамі, то гэта дазваляе яму неяк манэўраваць. Нерашучасьць Крамлю, адсутнасьць канцэпцыі разьвіцьця дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі дадае імпэту Лукашэнку”.
Аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак, аднак, лічыць, што і ў расейскага боку былі падставы зацягваць перамовы:
(Манёнак: ) “Я думаю, што “Газпраму” таксама патрэбна было дацягнуць — магчыма, і да восені. Восеньню наша кіраўніцтва будзе больш згаворлівым. Калі восеньню Беларусь выберэ свой ліміт таннага газу, то гэта будзе схіляць беларускі бок да расейскіх умоваў. Нават цяперашнія пастаўкі газу вельмі складана аплачваць — запазычанасьць дасягнула 12 мільёнаў даляраў, нягледзячы на тое, што ацяпляльны сэзон закончыўся. І восеньню сытуацыя будзе больш складанай, бо Беларусь ужо выбрала больш таннага газу, чым патрэбна. Вось таму і можна будзе восеньню ставіць свае ўмовы”.
Паводле Тацяны Манёнак, ужо ёсьць інфармацыя, што “Газпрам” не прымае рынкавы кошт “Белтрансгазу”, заяўлены беларускім бокам — 3, 5 мільярду даляраў. Калі цяпер бакі ня хочуць саступаць, чым можа скончыцца гэтая сытуацыя?
(Раманчук: ) “Расея мае дзьве палітычныя кампаніі наперадзе. І цяпер яны не падрыхтаваныя пераходзіць да другой сэрыі “мух і катлет”, да таго, каб выстаўляць нейкія ўльтыматумы Беларусі. Таму зіма будзе больш жорсткая для Беларусі, але бяз газу мы не застанемся. Нас яшчэ чакае падвышэньне цэнаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. І толькі ад 2004 году, калі больш-менш уладкуецца выканаўчая ўлада ў Расеі, можна дачакацца нейкіх больш жорсткіх крокаў з боку Крамлю наконт таго, як мае выглядаць інтэграцыя паміж краінамі”.
Пытаньне прыватызацыі “Белтрангазу”, між тым, цесна зьвязанае з праблемай пераходу Беларусі на расейскі рубель. Меркаваньне Тацяны Манёнак:
(Манёнак: ) “Я ня ведаю, якую пазыцыю зойме заўтра Аляксандар Лукашэнка. Ці ёсьць у яго нейкая рэзэрва, каб адстойваць жорстка сваю пазыцыю — Нацбанк як юрыдычная асоба, а ня філія расейскага Цэнтрабанку? Гэта будзе пэўны паказчык. Мне здаецца, ужо няма рэзэрвы, каб адстойвайць сваю ўладную незалежнасьць. Бо вельмі доўга нічога не рабілі, карысталіся паслабленьнямі, танным газам, а цяпер прыйшоў час выконваць дамоўленасьці”.
Абодва экспэрты лічаць, што заплянаваная на сераду 18 чэрвеня нарада ў пытаньнях пераходу Беларусі на расейскую валюту будзе вызначальнай.