Менгарвыканкам не дазволіў правядзеньне пікетаў ля будынку Міністэрства адукацыі і ў Міхайлаўскім сквэры. Чыноўнікі прапанавалі бацькам ліцэістаў пікетаваць на плошчы Бангалор. А шостай вечара бацькі склікалі бацькоўскі камітэт, каб вызначыцца, як дзейнічаць у такіх умовах.
Ліцэісты прынялі новы зварот да Лукашэнкі з просьбай прыняць іх і выслухаць меркаваньні наконт ліцэю.
(Франак: ) “Трэба паспрабаваць прабіцца на прыём да Лукашэнкі. Мы ня ўпэўненыя, што гэта атрымаецца, але мы зможам перадаць пэтыцыю Латыпаву з копіяй Лукашэнку. Мы спадзяемся. што гэта дасьць пэўны вынік, паколькі мы просім Латыпава паспрыяць сытуацыі, бо міністэрства ня здольнае вырашыць нашыя праблемы”.
Дзеці маюць намер выйсьці на вулічныя акцыі, а калі гэта не дапаможа, выкарыстоўваць іншыя сродкі.
(Алена: ) “Спадзяюся, што 1 верасьня нам будзе куды вярнуцца. Ня толькі ў наш будынак, але і да нашага сапраўднага дырэктара. Будзем у пікетах стаяць”.
(Натальля: ) “Абвесьцім галадоўку. Прыйдзем у ліцэй, сядзем на прыступках з плякатам: “Ня спынім галадоўку, пакуль ня вернеце нашага дырэктара!”
Мастакі суполкі “Пагоня” на знак салідарнасьці зь ліцэем рыхтуюць экспазыцыю сваіх твораў. На выставе будуць прадстаўленыя плякат, графіка і жывапіс Уладзімера Сулкоўскага, Міколы Купавы, Алеся Пушкіна, Ігара Марачкіна, Георгія Скрыпнічэнкі ды іншых. Мастакі не баяцца пакідаць свае творы ў навучальнай установе, дзе няма спэцыяльнай аховы. Аляксей Марачкін ня першы раз ладзіць у ліцэі выставу сваіх твораў.
(Марачкін: ) “Тут ніякага вандалізму ці нейкіх пашкоджаньняў ніколі не было. Усялякае можа быць. Дзеці ёсьць дзеці. Але яны вельмі далікатна ставяцца да твораў мастацтва. Не было заўважана, каб яны нешта сапсавалі. Я памятаю, як у недалёкія часы ў рабочым гарадку Жодзіна дзеці парэзалі карціны, прычым музэйныя... Творы мастацтва выхоўваюць густ чалавека. Нам трэба бараніць беларускі ліцэй. Мае калегі, яны заўсёды будуць побач з моладзьдзю”.
Пасьля размовы зь міністрам адукацыі Пятром Брыгадзіным Уладзімер Колас не спадзяецца, што ліцэй здолеюць захаваць у цяперашнім статусе. Рашэньне зрабіць ліцэй недзяржаўнай установай становіцца прыярытэтным, але й тут шмат праблемаў, зьвязаных зь фінансаваньнем і стаўленьнем уладаў да ўнікальнай установы.
(Колас: ) “Будзем сур’ёзна займацца стварэньнем недзяржаўнай установы. Ці ўдасца захаваць у поўным складзе настаўнікаў, вучняў? Невядома. Наколькі атрымаецца знайсьці сродкі, бо, безумоўна, бацькі ня змогуць фінансаваць усе выдаткі для навучальнага працэсу. Ці ўдасца захаваць гэты будынак? Хутчэй за ўсё, што не. Але час і сытуацыя мяняюцца. Будзем спрадзявацца, што ўсё наладзіцца, усё будзе як трэба. Праўда пераможа”.
Пры канцы тыдня кіраўніцтва ліцэю даведаецца, якую выснову зрабіла міністэрская камісія паводле вынікаў праверкі.