Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАСУДЖАНЫ НА ТРЫ ГАДЫ ТУРМЫ ЗА ФАЛЬШАВАНЬНЕ ВЫНІКАЎ ЛЕТАШНЯГА ЖНІВА МЭХАНІЗАТАР НАПІСАЎ ЛІСТ ЛУКАШЭНКУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы пераможца леташняга жніва мэханізатар клецкага калгасу “Кастрычнік” Пётар Пільневіч кажа, што ўжо не спадзяецца на перамогу ў змаганьні з судовай сыстэмай. Пільневіч падаваў скаргу ў Менскую абласную пракуратуру, але там толькі паспачувалі няўдачліваму мэханізатару, а выносіць пратэст на прысуд Менскага абласнога суду не пажадалі. Нагадаю, мэханізатару далі тры гады турмы быццам за наўмыснае фальшаваньне вынікаў жніва.

Але Пільневіч настойвае, што памылка ў падвядзеньні вынікаў жніва адбылася зь віны чыноўнікаў. Ня здолеўшы дамагчыся праўды ў судах, мэханізатар напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку:

(Пільневіч: ) “Пра што я пішу? Што ўсё лета працаваў, ліў пот, а ў выніку вось такую атрымаў узнагароду. Пішу, каб хаця б не каралі турмой”.

Гэты ліст Пётар Пільневіч занес у адміністрацыю прэзыдэнта. Ліст там прынялі, але шчыра сказалі, што падобныя лісты да кіраўніка дзяржавы не даходзяць — маўляў, зашмат у яго іншых важкіх справаў. Таму, хутчэй за ўсё, ліст з адміністрацыі проста перададуць у Менскі абласны суд, які выносіў прысуд. Але Пётар Пільневіч кажа, што і гэта ўжо будзе добра, усё ж судзьдзі будуць ведаць, што ён скардзіўся самому Лукашэнку. Мэханізатар мяркуе, што сам Лукашэнка гісторыю пра тое, як судзілі пераможцаў леташняга жніва, можа і ня ведаць:

(Пільневіч: ) “Ён, напэўна, і ня ведае пра гэтую справу. Яму калі нешта і сказалі, дык не да канца”.

Летась на “Дажынках” у Полацку Аляксандар Лукашэнка асабіста ўзнагародзіў пераможцаў жніва клецкіх камбайнэраў Пільневіча і Бондарава. “Зьвеньнявы” Ўладзімер Бондараў атрымаў у падарунак аўтамабіль “Жыгулі”, а ягонаму памочніку Пільневічу дастаўся матацыкл. Між тым, неўзабаве кантралёры пералічылі вынікі жніва й прызы ў пераможцаў адабралі.

Высьветлілася, што Бондараў зь Пільневічам былі толькі трэцімі ў рэспубліканскім спаборніцтве. Больш за тое — на іх завялі крымінальную справу і далі Пільневічу тры гады турмы, а Бондараву два гады ўмоўна. Пільневіч з гэтым прысудам не пагадзіўся. З дапамогай адваката Веры Страмкоўскай ён спрабуе прысуд аспрэчыць, але пакуль безвынікова.

Дарэчы, паводле зьвестак з калгасу “Кастрычнік”, камбайн “Бізон”, на якім быў пастаўлены ілжэрэкорд, у мэханізатараў забяруць. Іх увогуле могуць не дапусьціць да жніва. Такім чынам, калі Пільневіча не пасадзяць у турму, дык пакараюць матэрыяльна, бо жніво для мэханізатара — адзіная магчымасьць зарабіць у вёсцы прыстойныя грошы.
XS
SM
MD
LG