Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯНУКОВІЧА Ў МЕНСКУ СУСТРАКАЛІ ЯК ПЕРАЕМНІКА КУЧМЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Януковіч пагадзіліся зь неабходнасьцю давядзеньня беларуска-ўкраінскага таваразвароту да ўзроўню 1 мільярд даляраў на год. Акрамя таго, А.Лукашэнка, гаворачы пра “чацьверку” — Беларусь, Казахстан, Расея, Украіна — выказаў жаданьне даведацца пра пазыцыю Ўкраіны: да якіх межаў яна гатовая ісьці ў гэтай інтэграцыі.

(Лукашэнка: ) “Мы б хацелі тут выступаць кансалідавана, таму што нашыя інтарэсы ў многім супадаюць”.

Наконт Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі Віктар Януковіч заявіў:

(Януковіч: ) “Пазыцыя Ўкраіны — гэта абарона эканамічных інтарэсаў Украіны, сёньня ў нас прыярытэты: Расея, Эўразьвяз, Беларусь, Казахстан, краіны СНД. Як іх аб’яднаць з эўрапейскімі прыярытэтамі? Падмуркам тут могуць быць правілы гульні Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі”.

Віктар Януковіч прапануе Беларусі аб’яднаць з Украінай намаганьні ў інтэграцыі ва ўсясьветныя рынкі.

Беларускія ўлады відавочна дэманстравалі сваё імкненьне наладзіць добрыя дачыненьні з новым украінскім прэм’ер-міністрам Віктарам Януковічам. Афіцыйныя СМІ Беларусі ўжо падаюць спадара Януковіча як патэнцыйнага пераемніка Леаніда Кучмы на прэзыдэнцкай пасадзе. Ягоны візыт у Беларусь, па сутнасьці, транзытны, па дарозе на Эканамічны форум у Санкт-Пецярбург, быў абстаўлены амаль паводле прэзыдэнцкага пратаколу — з ганаровай вартай, выкананьнем гімнаў Украіны і Беларусі, эскортам матацыклістаў і г.д.

Афіцыцыйных перамоваў у Менску ў спадара Януковіча было няшмат — з Генадзем Навіцкім і Аляксандрам Лукашэнкам, якія ўсе забралі каля трох гадзінаў, астатні час быў прысьвечаны экскурсіям на буйныя заводы, футбольны манэж, на радзіму дзеда. А.Лукашэнка казаў, што яму прыемна сустракацца з украінскім прэм’ерам, які мае беларускія карані. Віктар Януковіч таксама дазволіў сабе колькі сэнтымэнтальных выказваньняў пра беларускія карані.

Гэтым разам вострых і напружаных перамоваў наконт праблемы 100 мільёнаў даляраў запазычанасьці Ўкраіны перад Беларусьсю не было. Раней жа гэтая праблема нават зрывала двухбаковыя візыты, як, напрыклад, паездку Генадзя Навіцкага ў Львоў, на эканамічны форум.

Відавочна, што беларускі лідэр хоча наладзіць больш шчыльныя дачыненьні з В.Януковічам як з патэнцыйным пераемнікам Леаніда Кучмы. Аднак у Кіеве далёка ня ўсе лічаць таго фаварытам заплянаваных на будучы год прэзыдэнцкіх выбараў. Пра Віктара Януковіча гаворыць рэдактар незалежнага тыднёвіка “Міг” з Кіева Міхаіл Білэцькій:

(Білэцькій: ) “Папулярнасьць у яго ня вельмі высокая, бо, уласна кажучы, ён зусім не раскручаны. Рост рэйтынгу ў яго ёсьць, але ён яшчэ не перасёк крытычную мяжу”.

Паводле Міхаіла Білэцькага, асноўны супернік Януковіча, прадстаўнік апазыцыі Віктар Юшчанка мае папулярнасць у некалькі разоў большую, і перамагчы яго будзе складана. У любым выпадку, мяркуе Міхаіл Білэцькій, Віктару Януковічу нейкая падтрымка на выбарах ад Аляксандра Лукашэнкі непатрэбная і нават шкодная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG