Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ ВЫМУШАНЫЯ АДПАЧЫВАЦЬ НА РАДЗІМЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёлета, як заўсёды, большасьць беларусаў будзе адпачываць у Беларусі — найперш з матэрыяльных прычынаў. Рэч у тым, што кожны год арганізавана, праз агенцтвы выяжджаюць адпачываць за межы краіны ўсяго 100–150 тысяч чалавек. Яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч едуць за мяжу сваім ходам, што называецца, “дзікунамі” — такім чынам, штогоду за межамі Беларусі адпачывае каля 2% насельніцтва краіны. Астатнія, відавочна, ня могуць сабе гэтага дазволіць і адпачываюць дома, на лецішчы, у вёсцы, альбо ў санаторыях ці турыстычных базах.

Зрэшты, арганізаваны адпачынак у Беларусі за апошнія гады значна падаражэў. Напрыклад, 12 дзён у турыстычным гатэлі “Нарач” каштуюць 260 тысяч беларускіх рублёў, што ўжо дасягае крымскага цэнавага ўзроўню. Ды і ўзровень сэрвісу часьцей за ўсё застаецца навязьліва савецкім. Аднак прывабнасьць беларускім “курортам” надае магчымасьць зьезьдзіць туды за 10% ад рэальнага кошту за кошт прафсаюзаў. З аднаго боку, гэта дае магчымасьць амаль бясплатна адпачыць тым, хто праўдамі й няпраўдамі здабыў гэтую пуцёўку, а зь іншага — такая дабрачыннасьць стрымлівае разьвіцьцё сэрвісу і ўвогуле турыстычнай інфраструктуры ў Беларусі.

Што да замежжа, то сёлета відавочна зноў самым папулярным будзе Крым. Узровень камфорту там пакуль яшчэ не эўрапейскі, хаця ёсьць пэўныя станоўчыя зрухі, аднак і кошты пакуль далёкія ад эўрапейскіх. Тэарэтычна там можна адпачнуць нават за 100 даляраў за 10 дзён, аднак зразумела, што побыт будзе неўладкаваны. Адносна прыстойныя вакацыі ў Крыме пачынаюцца прыблізна ад 200 даляраў, уключаючы дарогу, якая каштуе аўтобусам усяго 40 даляраў у два бакі.

Раней галоўным канкурэнтам Крыму была Баўгарыя, аднак у гэтым сэзоне яе пазыцыі, як мяркуецца, пахіснуцца з-за ўведзенай летась транзытнай румынскай візы. Цяпер, каб даехаць цягніком альбо аўтобусам у Баўгарыю, трэба заплаціць 20 эўра за баўгарскую візу і 35 за транзытную. Такім чынам, нармальны адпачынак на Сонечным беразе альбо Залатых пясках будзе каштаваць ня менш як 300 даляраў. Затое віза ў Румынію каштуе ўсяго 10 эўра — і румыны, адваёўваючы кліентаў у баўгараў, спадзяюцца, што сёлета беларусы ўпершыню адкрыюць для сабе румынскія чарнаморскія курорты.

Што да іншых краінаў, то тут на прыхільнасьці беларусаў, якія традыцыйна трымаюць свае ашчаджэньні ў далярах, моцна ўплывае рост эўра. Кошты на адпачынак у далярах падвысіліся на 20% ня толькі ў Гішпаніі, Францыі, Італіі, а таксама ў Літве, валюта якой прывязаная да эўра. Таму адмыслоўцы турбізнэсу кажуць, што сёлета, магчыма, больш папулярнымі стануць Турцыя і Эгіпэт, валюты якіх прывязаныя да даляру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG