Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ ПРАЦАВАЦЬ УМЕЮЦЬ


Валянцін Акудовіч, Менск

Беларус альбо працуе, альбо п’е гарэлку. А калі няма ні працы, ні гарэлкі — ён нудзіцца. Аднак доўга нудзіцца яму не выпадае, паколькі справаў звычайна хапае, а калі ёсьць работа, то знойдзецца і нейкі грошык, каб сябе падвесяліць.

Працаваць беларусу гэтак сама звыкла, як дрэву расьці, а каменю ляжаць. Але памыляецца той, хто лічыць, быццам мы шмат працуем, бо мала зарабляем. Зусім наадварот: мы мала зарабляем, каб болей працаваць. І ведаеце, чаму так? Інакш давядзецца альбо піць гарэлку, альбо нудзіцца. Толькі ня трэба думаць, што беларусы занураныя ў працу адно зь перасьцярогі да сваіх заганаў. Усё больш сур’ёзна.

Бачыце, шмат працаваць — гэта ня доля беларуса, гэта ягоны лёс. А лёс, як вядома, на кані не аб’едзеш. З чаго нам выпаў гэткі лёс — ніхто напэўна ня ведае. Затое вядома, што бязь меры працуе той, хто нічога болей рабіць ня ўмее: ні ваяваць, ні гандляваць, ні забаўляцца. Нехта імкнецца ўзножыць Бабілёнскую вежу ці збудаваць камунізм, нехта высільваецца, каб заваяваць альбо забавіць увесь свет, а беларусу — абы мазоль не сыходзіў з рукі.

Жыць з мазаля — вось наш таемны гонар. Жыць дзеля мазаля — вось наш таемны сэнс. І таму адно ў нас могуць у роспачы сказаць: Бог працу бачыў, а мазаля ня даў.

— На чым палягае гэты таемны сэнс мазаля? — часам пытаюцца нашых людзей чужаніцы.

І чуюць у адказ:

— Рабі, што робіш, і хай будзе, як будзе.

Натуральна, хоць што-небудзь зразумець з гэтых словаў староньняму чалавеку немагчыма. Таму многія лічаць нас недарэкамі й раз-пораз спрабуюць перайначыць на свой капыл.

За палякамі беларуса спрабавалі адвучыць ад гарэлкі, але паколькі ў нас заставаліся праца і нуда, то нічога ў палякаў не атрымалася. За расейцамі беларуса спрабавалі адвучыць ад працы, але паколькі ў нас заставаліся гарэлка і нуда, то нічога ў расейцаў не атрымалася.

Магчыма, нехта паспрабуе ў адначасьсе збавіць нас і ад працы, і ад гарэлкі, але ў яго таксама нічога не атрымаецца, бо няма ў сьвеце такой сілы, якая магла б вызваліць беларуса ад ягонай нуды, калі ён без анічога ў руках застаецца сам-насам.

Зь іншага боку, ніяк не выпадае казаць, быццам мы лішне зацятыя працай. Беларус зусім не працаголік, гэта значыць той, хто ад уласнай справы атрымлівае асалоду. Хутчэй наадварот — звычайна наш чалавек працуе як бы цераз прымус. Адсюль і мноства прымавак, кшталту “У Бога дзён многа”, “Колькі ні рабі, а ўсяго не пераробіш”, “З кута ў кут — і вечар тут”.

Адным словам, ня надта мы любім улягацца ў работу, толькі няма ў нас іншага выйсьця. Рэч у тым, што для беларуса праца — гэта ня тое, што забясьпечвае чалавека жыцьцём, а само месца жыцьця. З чаго так сталася — патлумачыць проста.

Ні свая хата, ні свой падворак ніколі ня будуць тваімі, пакуль ты ня маеш сваёй краіны, якая заслоніць цябе ад хцівага вока чужаніцы. А як мы ня мелі гэткага заступніка, то ўсялякі прыхадзень у кожны момант мог адабраць у нас хату, выгнаць з падворку і засеяць уробленыя палеткі сваім пустазельлем.

Аднак ёсьць нешта, чаго ніводзін рабаўнік ня зможа пазбавіць чалавека, пакуль той жывы — гэта ягонага мазаля. Калі габрэяў выгналі з гістарычнай радзімы, яны абралі сабе айчынай нябёсы, калі беларусам не далі быць гаспадарамі на сваёй зямлі, яны абралі сабе бацькаўшчынай працу.

“Рабі пільна — і тут будзе Вільня” — кажуць беларусы, маючы на ўвазе, што праца сама зь сябе ёсьць і Вільняй, і Ерусалімам, і ўсім астатнім.

Праца — дом быцьця беларуса. Вось чаму мы адразу пачуваемся выгнанцамі з роднай краіны, як толькі рукам няма справы (і тады ўмомант пачынаем альбо нудзіцца, альбо гарэлку піць).

Між іншым, пра рукі. У маёй бабулі, даўно нябожчыцы, я бачыў іх нерухомымі толькі на фотаздымках. І потым яшчэ аднойчы — у труне. Дык вось, неяк сядзелі мы зь ёй на ганку яе хаты. Яна абірала бульбу і нешта распавядала, я цешыўся зь яе цудоўнай беларускай мовы. Сёньня ўжо не ўзгадаць, пра што вялася гаворка, толькі між усяго іншага яна мімаходзь прамовіла: “Як паміраць — дык дзень губляць”.

Мяне аж скаланула. На схіле доўгіх гадоў, калі гэтымі ўкарэлымі, спрэс парэпанымі рукамі ўжо перацярэбленая гара працы, шкадаваць не жыцьця, а той работы, зь якой яна ня зможа ўправіцца у дзень сваёй сьмерці... Вар’яцтва нейкае!

Натуральна, тады я і думаць ня думаў, што праз гады паспрабую напісаць эсэй пад назовам “Як беларусы працаваць умеюць”. Разважаючы над абранай тэмай, я вельмі хутка даўмеўся: ніякім асаблівым умельствам мы тут не вылучаемся. Што ўжо там казаць пра сем велічных цудаў сьвету, калі нават драбнюткую вош ня мы падкавалі.

Але разам з тым я зразумеў, што мы ўмеем рабіць нешта куды больш істотнае за хоць які цуд — мы ўмеем рабіць саму працу! І ўмеем як мала хто яшчэ, сведчаньнем чаму нашае доўгае прамінулае, дзе нас ад злыбяды гісторыі баранілі ні замкі, ні войскі, ні грошы, а толькі нашыя мазалі. Між іншым, колькі за гэтую пару народаў і царстваў, што некалі ганарліва апалоньвала свет, пазьнікала дазваньня, а мы, якія за працай сьвету ня бачылі, лашчымся сонейкам ужо трэцяга тысячагодзьдзя ад Раства Хрыстовага.

Таму не палічыце за пустую рыторыку і мае наступныя словы: беларусы не для сьвету створаныя, яны створаныя для працы. Якраз апошняга я і не разумеў, калі скалануўся ад словаў любай бабулі: “Паміраці — дзень губляці”. Але цяпер і я посьледам за ёй кажу: ня ведаю, калі мяне прычакае мой апошні дзень, затое ўжо наперад ведаю, што гэта будзе самы лайдацкі дзень у маім жыцьці.
XS
SM
MD
LG