Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЕКТ ЭЎРАПЕЙСКАЙ КАНСТЫТУЦЫІ ДАЕ ДАДАТКОВЫЯ ПРАВЫ БУДУЧАМУ КІРАЎНІЦТВУ АБ'ЯДНАНАЙ ЭЎРОПЫ


Віталь Тарас, Прага

Праект дакумэнту ўтрымлівае больш простыя правілы галасаваньня і дае дадатковыя правы будучаму кіраўніцтву аб'яднанай Эўропы. Эўрапейская канстытуцыя прадугледжвае пост прэзыдэнта і дае больш правоў Эўрапейскаму парлямэнту. Цяпер бальшыня рашэньняў прымаецца непасрэдна прадстаўнікамі ўрадаў краінаў-сяброў Зьвязу. Разам з тым, разыходжаньні ў галіне замежнай палітыкі, падаткаў і абароны паміж краінамі Зьвязу засталіся. Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў выступаюць рэзка спупраць любых спробаў адмовіцца ад права вэта ў гэтых пытаньнях. Дыскусійным засталося таксама пытаньне аб стварэньні так званай “Эўрагрупы” – арганізацыі, якая павінна аб'яднаць краіны, што перайшлі ўжо на адзіную валюту – эўра. Мяркуецца, што новы камітэт, які павінен займацца каардынацыяй у галіне эканмічнай палітыкі ў “зоне эўра”, будзе абіраць старшыню кожныя два гады. Стварэньне гэтай групы дазволіць прымаць рашэньні без уліку меркаваньняў Брытаніі, Даніі і Швэцыі, якія пакуль адмаўляюцца ад эўра.

Новая канстытуцыя павінна быць ухваленая прадстаўнікамі ўрадаў 15 цяперашніх сяброў ЭЗ сёлета ўвосені. Хаця прадстаўнікі Брытаніі і Гішпаніі заявілі ў Брусэлі пра пэўныя перасьцярогі што да прадстаўленага дакумэнту, заходняя прэса адзначае значны посьпех Валеры Жыскар-Дэстэна, які цягам 16 апошніх месяцаў працаваў над тым, каб дасягнуць кансэнсусу ў справе эўрапейскай канстытуцыі. Газэта “Іnternational Нerald Тribune”, у прыватнасьці, піша, што былы прэзыдэнт Францыі ўсьміхаецца, калі ўспамінае, як падчас сваёй паездкі ў ЗША пяць гадоў таму абмяркоўваў там пляны ўвядзеньня адзінай эўрапейскай валюты. Кіраўнік фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША Ален Грынспэн паставіўся тады да ідэі ўвядзеньня эўра вельмі скептычна…

Што тычыцца рознагалосьсяў вакол новай канстытуцыі, Жыскар -Дэстэн спасылаецца на вопыт прыняцьця Канстытуцыі ЗША 200 гадоў таму, пры распрацоўцы якой шмат праблемаў былі абыйдзеныя. “Першая амэрыканская канстытуцыя ня вырашыла праблему рабства, ці хаця б гандлю рабамі”, – нагадвае Жыскар Дэстэн. На ягоную думку, тое, што новая эўрапейская канстытуцыя таксама не вырашае ўсіх праблемаў – нармальная зьява. Адзінае, што выклікала ягонае расчараваньне – гэта назва будучага аб'яднаньня. На ягоную думку, назва Злучаныя Штаты Эўропы болей пасавала б, чымся Эўрапейскі Зьвяз. Асабліва яму не падабаецца скарочаны варыянт назвы – Зьвяз. На думку Жыскар-Дэстэна, куды лепей гучыць: “Аб'яднаная Эўропа”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG