Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС ПРАВЯРАЕ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ Ў ІНТЭРНЭЦЕ ПРА ЗАТРЫМАНЬНЕ НАКЛАДУ “БДГ”


Юры Сьвірко, Менск

Рэдакцыя “Белорусской деловой газеты” працягвае спробы высьветліць, хто ж канфіскоўваў часткі накладу яе супольнага з “Предпринимательской газетой” выпуску на мінулым тыдні. Гэтыя людзі называлі сябе супрацоўнікамі то абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў, то крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС Менску. Але ў абедзьвюх гэтых структурах кажуць журналістам, што нічога пра канфіскацыі газэтаў ня ведаюць. А галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна заявіла пра тых, хто забраў амаль палову накладу газэты:

(Калінкіна: ) “Яны так і кажуць: “Гэта апэратыўныя супрацоўнікі МУС”.

(Карэспандэнт: ) “А афіцыйныя паперы нейкія прыйшлі да вас?”

(Калінкіна: ) “Не, нічога не прыйшло”.

Тым часам намесьнік начальніка прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч паведаміў:

(Грынкевіч: ) “У мяне, акрамя паведамленьня на TUT.BY, інфармацыі няма. Пакуль праводзіцца расьсьледаваньне, я пра вынікі сказаць вам не магу. Проста дадзенае даручэньне правесьці расьсьледаваньне па факце, напрыклад, затрыманьня накладу”.

“Предпринимательская газета”, частку накладу якой сканфіскавалі, пакуль не выходзіць. Такі ж лёс у штотыднёвіка “Салідарнасць”, які рэдагуе Аляксандар Старыкевіч. Ён распавёў пра вынікі праверкі, арганізаванай Камітэтам дзяржкантролю:

(Старыкевіч: ) “Знайшлі некалькі дробных парушэньняў, але ўсё гэта была такая драбяза, што ўрэшце мусілі нешта вынайсьці. І самая галоўная прэтэнзія да нас — гэта парушэньне ДАСТ выходных зьвестак газэты не пазначаны яе аб’ём у друкаваных аркушах”.

(Карэспандэнт: ) “Чым-небудзь пагражае гэта рэдакцыі?”

(Старыкевіч: ) “Вядома, за апошняе такое сур’ёзнае парушэньне — штраф да 100 адсоткаў ад атрыманага прыбытку”.

Спадар Старыкевіч дадаў, што рэдакцыя “Салідарнасці” будзе падаваць свае пярэчаньні на акт праверкі, і ў выпадку, калі штраф памерам амаль 5 мільёнаў рублёў будзе накладзены, штотыднёвік зьвернецца ў суд.

Для “Белорусской деловой газеты” суд пачнецца ўжо ў гэты аўторак — рэдакцыя абскардзіла ў Вышэйшы гаспадарчы суд папярэджаньне Міністэрства інфармацыі за публікацыю з назовам “Барскі імідж” пра выкарыстаньне самалёту Аляксандра Лукашэнкі. Вынікаў суду чакае ня толькі “БДГ”, кажа яе рэдактар Сьвятлана Калінкіна.

(Калінкіна: ) “Заўтра суд. Ён нібыта мусіць адбыцца. Прынамсі яго не скасоўвалі яшчэ. Будзем глядзець, што там будзе, як ён будзе праходзіць. Таму што па ім будзе зразумела, у якім напрамку далей будзе рухацца ўлада”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG