Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРЫСАВЕ АДБЫЎСЯ НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ ВЫСТУП ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Вось што распавяла нашаму радыё адна з пацярпелых Ірына Фралова:

(Фралова: ) “Прыйшлі тры чалавекі — два з падатковай інспэкцыі і адна жанчына прыехала правяраць зь Менску. У мяне ўсе дакумэнты былі на тавар, апроч акцызных марак. Бо ў нас у Барысаве няма службы, дзе б можна было аформіць гігіенічную сэртыфікацыю. Трэба ехаць у Менск. А ў Менску трэба стаяць у чарзе два месяцы. Кантралёры апісалі мой тавар на 750 тысяч рублёў. У акце напісалі яшчэ, што я павінна заплаціць штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў. Дагэтуль я не ведаю пра лёс свайго тавару. Забралі чатыры сарафанчыкі, шэсьць сукенак, чатыры гарнітуры, дзесяць каптаноў, некалькі спадніц”.

Такія дзеяньні кантралёраў абурылі барысаўскіх прадпрымальнікаў. Тут жа на плошчы адбыўся стыхійны мітынг:

(Спадар: ) “Людзі, нас заўтра будуць рабаваць”.

(Спадарыня: ) “Як мне заўтра прыйсьці на працу — і трэсьціся над сваім таварам?”

(Спадар: ) “Гэта парушэньне Канстытуцыі. Парушаныя нашыя канстытуцыйныя правы”.

(Іншая спадарыня: ) “Гэта рабаўніцтва сярод белага дня. Хто даў права прыйсьці маё і забраць?”

(Спадар: ) “У 1930-я гады ноччу прыходзілі й бралі. А ў нас днём”.

(Спадарыня: ) “Я падымаю народ, таму што ведаю, да чаго іду”.

(Спадар: ) “Мы — эканамічныя злачынцы”.

Затым прадпрымальніцкі натоўп рушыў да будынку Барысаўскага гарвыканкаму. Іх сустрэў намесьнік старшыні Іосіф Зубовіч:

(Зубовіч: ) “Я сказаў, каб падалі мне пытаньні, якія тычацца кампэтэнцыі гарадзкіх уладаў. У пісьмовым выглядзе”.

Кіраўнікі барысаўскай вэртыкалі адмовіліся весьці перамовы зь бізнэсоўцамі. У гарвыканкаме заявілі, што ня ведаюць, хто праводзіў канфіскацыю. Міліцыянты, якія таксама зьявіліся ля будынку гарвыканкаму, параілі ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі пакінуць плошчу. Прадпрымальнікі разышліся толькі пасьля таго, як барысаўскія чыноўнікі пагадзіліся правесьці зь імі пры канцы тыдня арганізаваную сустрэчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG