Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДУЦЬ У БЕЛАРУСІ РАЗЬЛІЧВАЦЦА ЮБІЛЕЙНЫМІ МАНЭТАМІ?


Ігар Карней, Менск

Нягледзячы на дастаткова вялікія аб’ёмы замоваў памятных манэтаў (а наклады вагаюцца ад адной да дваццаці тысяч), ніхто іх ня бачыў ні ў крамах, ні ў часе атрыманьня заробку. Пры тым, што прадае манэты Нацбанк не паводле наміналу, а ў дзясяткі ці сотні даражэй за дэкляраваны кошт, усе яны амаль стоадсоткава трапляюць у прыватныя калекцыі нумізматаў. Прадстаўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў кажа, што нічога істотна ня зьменіцца нават у выпадку, калі адзіным разьліковым сродкам у краіне будзе абвешчаны расейскі рубель.

(Драздоў: ) “Калі абвяшчаецца, што памятныя манэты зьяўляюцца абавязковымі да прыёму паводле намінальнага кошту — гэта, умоўна кажучы, дэклярацыя, паколькі ніводзін чалавек у здаровым розуме не выкарыстае юбілейную манэту коштам некалькі даляраў дзеля таго, каб заплаціць два ці тры рублі. Нават пасьля таго, як мы пяройдзем на адзіную валюту, Нацбанк захавае за сабой правы выпускаць памятныя манэты. Ня выключана, што іхны выпуск будзе працягнуты. Нацбанк як інстытут у Рэспубліцы Беларусь захоўваецца, паколькі інакш ні на якія аб’яднаньні мы ня згодныя. Адпаведна, ня бачу ніякіх перашкодаў з боку Цэнтрабанку Расеі з нагоды выпуску памятных манэтаў”.

Нацбанк Беларусі цягам сямі гадоў рэгулярна абвяшчае пра выпуск залатых, срэбных, камбінаваных манэтаў з брыльянтамі, прысьвечаных альбо чарговай гадавіне саюзу Расеі й Беларусі, альбо віду спорту, альбо нават лясным жыхарам — зубру ці лісе. Эканаміст Яраслаў Раманчук так тлумачыць захады Нацбанку:

(Раманчук: ) “Насамрэч гэта адна з крыніцаў заробку для Нацыянальнага банку, і гэта нельга разглядаць як сур’ёзны спосаб папаўненьня грашовай наяўнасьці ў абароце. Усё прызначанае для іншых мэтаў. Але калі манэты, вырабленыя з золата ці срэбра, адпавядаюць парамэтрам, якія там закладзеныя, то яны таксама могуць быць у абароце: прыкладам, калі вы набудзеце такую манэту, пойдзеце ў краму, то, згодна з законам, яе павінны ўзяць. Іншая справа, што гэтага ніхто ня робіць; манэты набываюць для калекцыяў альбо такім чынам людзі спрабуюць захоўваць грошы. Але аб’ектыўна гэта ня сродак платы”.

Юбілейныя ці тэматычныя сэрыі выдаюцца ва ўсім сьвеце і, падобна да эўрацэнтаў, захоўваюць нацыянальныя адметнасьці сваіх манэтных двароў. Грошы гэтыя дзяржаўныя і дэкляруюцца як нумізматычныя, але аплата імі дазволеная толькі паводле наміналу: калі манэта ацэненая на 20 эўра, гэтай суме будзе адпавядаць і ейная вартасьць. У Беларусі сытуацыя прынцыпова іншая, паколькі ніводзін чалавек не атрымаў разам з заробкам россып манэтаў, як гэта было за савецкім часам — нават тады дэкляраваныя як нумізматычныя жалезныя рублі ў абароце былі справай дастаткова звыклай. І калі ва ўсім сьвеце грошы выконваюць функцыі платы, уліку, то ў Беларусі манэты ператвораныя ў скарб.

Эканаміст Міхал Залескі параўноўвае цяперашнюю дзейнасьць Нацбанку зь фінансавай інтэрвэнцыяй, паколькі вартасьць наміналу і кошт манэты ў продажу могуць розьніцца ў сотні разоў. І калі манэта каштуе 50 рублёў, а Нацбанк прадае яе за 100 тысяч, аўтаматычна выцягваецца з абароту 99950 рублёў. Той жа спадар Залескі ўпэўнены, што магчымасьць вырабу грошай — наўпроставы шлях да ўзбагачэньня. У Беларусі дагэтуль гэтая сфэра застаецца закрытай, і адказу на шэраг пытаньняў няма. Прыкладам, якім чынам афармляюцца замовы, чаму адна партыя манэтаў вырабляецца ў Расеі, а іншыя ў Швайцарыі? Чаму не абвяшчаюцца тэндэры для манэтных двароў і магчымых распаўсюднікаў? Выпуск манэтаў канстатуецца як факт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG