Супрацоўнікі Савецкага райаддзелу міліцыі Менску затрымалі прафэсара Юрыя Хадыку, спасылаючыся на тое, што на яго заведзеныя дзьве адміністрацыйныя справы. Першая — за ўдзел у маршы “За лепшае жыцьцё!”, а другая — за зьнявагу суду.
Нагадаем, першы раз Юрыя Хадыку затрымалі напярэдадні Дня Волі за ўдзел у маршы “За лепшае жыцьцё!”, які адбыўся 12 сакавіка. У судзе высьветлілася, што міліцыянты няправільна склалі пратакол. Пакуль яны езьдзілі яго перарабляць, Юры Хадыка, крыху пачакаўшы, сышоў.
Пасьля гэтага Юры Хадыка жыў у іншым месцы і позваў у суд не атрымліваў. У траўні судзьдзя Руслан Казадаеў завочна прысудзіў яму 15 сутак арышту. Сёньня Юрыя Хадыку даставілі ў кабінэт судзьдзі Аксаны Рэлявы. Яна абвесьціла, што Юрыя Хадыку абвінавачваюць у зьнявазе суду, бо яму дасылалі позвы на хатні адрас, але ён у суд не прыходзіў. Прафэсар папрасіў адваката, і судзьдзя перанесла разгляд справы на 2 ліпеня. Міліцыянты вырашылі адразу пасьля суду везьці Юрыя Хадыку на вуліцу Акрэсьціна, але той паскардзіўся на боль у назе, і яго павезьлі ў 2-гі клінічны шпіталь. Мэдыкі ня сталі вызваляць Юрыя Хадыку з-пад варты. Яны далі згоду на тое, каб прафэсара, які, дарэчы, перанёс цяжкую апэрацыю, трымалі за кратамі 15 сутак.
(Хадыка: ) “Я быў гатовы да таго, што яны так ці інакш выканаюць свой прысуд. Справа ў тым, што я хацеў гэтаму арышту, як і іншым арыштам з палітычных матываў на падставе ілжэсьведчаньняў міліцыянтаў, нарэшце пакласьці канец. Ну колькі ж гэта можна трываць?! Раней затрымлівалі за парушэньне дрэннага закону, але за парушэньне, а зараз наогул без усялякага парушэньня. Яны выдаюць дурныя законы і самі іх не выконваюць. Я спэцыяльна не здаваўся, бо хачу, каб людзі зьвярнулі на гэта ўвагу ўрэшце. Поўнае бяспраўе!”
Міліцыянты адвезьлі спадара Хадыку ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік, дзе ён мусіць правесьці 15 сутак. Супрацоўнікі спэцпрыёмніка запэўнілі, што пры неабходнасьці знойдуць лекара. Пакуль Юры Хадыка неяскардзіўся на здароўе. Родныя перадалі яму харчовую перадачу і цёплыя рэчы. Спадар Хадыка будзе сядзець крыху ў лепшых умовах, чым раней, бо на мінулым тыдні дэпартавалі затрыманых іншаземцаў, і ў камэрах засталіся толькі так званыя “асацыяльныя элемэнты”.