Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ ААТ “ВОРША” АДПРАВІЛА РАБОЧЫХ У ТЫДНЁВЫ АДПАЧЫНАК

Браніслава Станкевіч, Ворша

Сёньня на ААТ “Ворша”, альбо, як яго традыцыйна называюць у Воршы, на заводзе “Легмаш”, працоўны дзень доўжыўся роўна паўгадзіны: як толькі рабочыя а 8-й раніцы прыйшлі на свае працоўныя месцы, адміністрацыя абвесьціла для ўсіх бясплатны тыднёвы адпачынак.

Увогуле на гэтым прадпрыемстве, якое выпускае прамысловае кравецкае абсталяваньне, працуюць каля тысячы васьмісот чалавек. Зь іх засталіся сёньня на працы толькі дырэктар Валеры Флярко ды кіраўнік прафсаюзу Назір Ісмаілаў. Колькі дзён таму спадар Ісмаілаў перадаў у адміністрацыю калектыўны ліст-папярэджаньне, дзе рабочыя прадпрыемства паведамілі пра сваю гатовасьць да страйку. Страйк мусіў быў распачацца сёньня, бо адміністрацыя ня выканала галоўнага патрабаваньня працаўнікоў — ня выплаціла да 15 чэрвеня затрыманыя ад сакавіка заробкі.

Нагадаем, што заробкі за люты працаўнікі “Легмашу” атрымалі таксама ў выніку двухдзённага страйку, які адбыўся на пачатку красавіка. Пасьля таго, як адміністрацыі ўдалося тады ўзяць пад заробкі чарговы банкаўскі крэдыт, на прадпрыемстве была створаная адмысловая рэвізійная камісія. Яна выкрыла шматлікія фінансавыя парушэньні, якія тычацца ў асноўным збыту прадукцыі.

Таму Міністэрства прамысловасьці загадала правесьці на заводзе тэрміновую інвэнтарызацыю, чым апошні час і займалася адміністрацыя прадпрыемства. Адначасова кіраўніцтва “Легмашу” спрабавала атрымаць і дадатковы крэдыт, аднак банкі цьвёрда адмаўляюцца выдаткаваць стратнаму прадпрыемству 311 мільёнаў рублёў на запазычаныя заробкі.

Шараговых працаўнікоў, чые інтарэсы прадстаўляе прафсаюзны кіраўнік Назір Ісмаілаў, праблемы кіраўніцтва хвалююць мала. З тае прычыны сёньняшнія перамовы прафсаюзнага лідэра з дырэктарам Валерам Флярком былі безвыніковыя: грошай на заробкі няма, і наўрад ці яны зьявяцца да наступнага панядзелка. Таму й пасьля вымушанага адпачынку рабочыя па-ранейшаму гатовыя да страйку.
XS
SM
MD
LG