Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЛАЗЬНІ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Масавае будаўніцтва лазьняў у паваеннай Беларусі пачалося гадоў 40 таму — гэта якраз супала з гучнай заявай пра пабудову ў СССР камунізму. І практычна адначасова з камуністычнымі хаўтурамі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі пачало актыўна зварочваць тую працу. Як вынік, з засталося толькі 329 камунальных лазьняў — прыкладна тры на раён, зусім мала. Дзе ж мыюцца беларусы?

Што адбываецца зь беларускай лазьняй? Вось некалькі дыялёгаў з розных куткоў краіны. Старадароскі раён, вёска Ляўкі. Пытаемся ў тутэйшай жыхаркі Ядвігі Верабей, дзе яна мыецца?

(Верабей: ) “Я мыюся ў ночвах. Дома. Бывае, ходзім у душ на калгасную фэрму. Альбо на мэхдвор. А ў лазьню рэдка ходзім”.

Якаў Шутовіч зь вёскі Застарыньне Баранавіцкага раёну:

(Шутовіч: ) “Пабудавалі даволі вялікую лазьню, і яна ўжо гадоў шэсьць, як ня болей, стаіць. Там ужо і тую сантэхніку даўно разьнесьлі, і адзін будынак толькі застаўся. Мабыць, толькі адзін раз падключылі ваду, і нехта там паспрабаваў памыцца. І ўсё, так і заглохла”.

На рытарычные пытаньне, дзе ж мыюцца тутэйшыя, адказвае дэпутат Пухавіцкага райсавету Аляксей Міхалевіч:

(Міхалевіч: ) “Як у тым анэкдоце пра чукчу: “Дзе-дзе — у рацэ!” “А зімой?” “Ды колькі той зімы!..” Большасьць жыхароў усё ж жывуць у шматкватэрных дамах, і яны мыюцца ў сябе ў ваннах. Нават калі няма гарачай вады. Яны грэюць яе на пліце”.

У маіх родных мясьцінах на Магілёўшчыне камунальных лазьняў ніколі не было. Толькі прыватныя. І хоць я зусім не фанат забаваў зь бярозавым венічкам, але хіба ці ня першае моцнае ўражаньне дзяцінства зьвязанае якраз з лазьняй, тады адзінай на стодваровую вёску. Чорныя ад курадыму сьцены, умацаваная ў раскаленыя камяні вялізная бочка, замест падлогі сьвежанацярушаная салома, народу столькі, што няма дзе прыткнуцца — стаць у такіх умовах вялікім аматарам гаючай пары здольныя ня ўсе. Але паступова лазьні зьявіліся амаль у кожнага трэцяга жыхара Ракузаўкі. Гаворыць мая суседка Валянціна:

(Валянціна: ) “Я аглядаюся на тыя гады і думаю, што лазьня ня проста маладзіла людзей, аднаўляла фізычную прыгажосьць, але й дадавала здароўя маральнага. Ты ж памятаеш, якія прыгожыя, чыстыя адносіны былі між людзьмі! Кажу зусім ня дзеля прыгожага слоўца: у стварэньні таго духоўнага мікраклімату лазьня адыгрывала зусім не апошнюю ролю!”

Як правіла, чарговая новабудоўля станавілася адлюстраваньнем навацыяў у лазьневай справе. Мушу заўважыць, яе тэхналягічнае і эстэтычнае разьвіцьцё ўражвала. Здавалася, вось-вось дагонім фінаў зь іхнымі мудрагелістымі штучкамі. Аднак ня лёс: круты заняпад мясцовага калгасу “Маяк камунізму” астудзіў тыя амбіцыі, і Ракузаўка пачала скатвацца ў семідзясятыя гады, калі мыліся раз на два тыдні — памятаеце анэкдот ад спадара Міхалевіча: “Ды колькі той зімы?!”

Старым ужо не пад сілу ўтрымліваць лазьні, іншыя пасьпіваліся й прыстасавалі іх выключна пад своеасаблівыя “броваркі”... Ня дзіва, што ў ход зноў пайшлі ўжо забытыя ночвы. А ведаю й такіх, каму ранкам абы апухлы чырвоны твар спаласнуць — яны й ня памятаюць, калі мыліся апошні раз. І гэтак, або яшчэ горш, ва ўсёй Беларусі. У Смалянах, што на Віцебшчыне, спадарыня Алена паказала парэшткі зачыненай 10 гадоў таму і затым разрабаванай лазьні ды расказала зусім нечаканую гісторыю:

(Алена: ) “Задалі майму сыну сачыненьне ў школе на тэму “Калі б я быў у сваёў вёсцы гаспадаром, то што зрабіў бы дзеля маіх аднавяскоўцаў”. І вось што мы зь ім напісалі:

Калі б я быў гаспадаром у вёсцы,
Або калі б начальнікам я стаў,
То лазьню бы, каб вывесьці каросту,
Найперш прывёў бы у належны стан!
Ядуць нас скочкі, пазаелі вошы.
Няма у нас начальнікаў харошых!
Як толькі новы тут у нас зьяўляецца,
Гаворыць па чатыры-пяць гадзін,
А як рабіць — дык без вады змываецца,
А мы ізноў нямытыя сядзім!
І вёска наша зноў у прорву коціцца…
Калі ўжо начальства тут спахопіцца!”

Быццам гумар, а зусім ня сьмешна. Бо ўсё праўда. У краіне няма такога рэгіёну, дзе б не казалі пра вяртаньне пэдыкулёзу. У выніку пасьля нядаўняй гучнай заявы пра нацыянальную касьмічную праграму нарадзіўся крыўдны анэкдот, як беларусы ашчасьцілі космас вошамі... Антысанітарыя караскаецца ўгару, становіцца ці ня нормай. Амаль у кожнай вёсцы, на кожнай гарадзкой вуліцы знойдзецца мінімум адна сям’я, якая сваім побытам мала чым адрозьніваецца ад бамжоў. Гэта небясьпечна для людзей, вымушаных сустракацца зь імі на працы, у крамах, транспарце.

Спадарыня Людміла, мэдык з гарадзкога пасёлку Багушэўск, распавядала, што нямала ейных пацыентаў захварэлі менавіта праз такія вось кантакты. Сама яна ня мае магчымасьці наведваць лазьню і таму вельмі хвалюецца:

(Людміла: ) “Якая лазьня, якая саўна! Я ў шпіталі працую, дык мыюся на рабоце, у душы. Бывае, страшна, бо ў нас хворыя на сухоты. А што зробіш! Сваёй лазьні няма, бо й тапіць яе няма каму — жыву ж адна, ды й тапіць няма чым: вунь пазалетась мы ўзімку шышкі палілі, бо дроваў няма”.

У Лідзе, якая ганарыцца сваёй гістарычнай спадчынай, культурнымі традыцыямі, толькі адна грамадзкая лазьня — на сто тысяч насельніцтва. Але наведваюць яе менш за тысячу людзей на тыдзень. Бо невялікая асалода: будынку амаль паўстагодзьдзя, а ў ім ніколі не праводзіўся капітальны рамонт.

Ці яшчэ адзін ня менш вядомы ў Беларусі горад — Глыбокае. Тут за апошнія пяць гадоў наведваньне лазьні зьменшылася амаль у чатыры разы. Але ўжо зь іншай прычыны: за прымітыўны сэрвіс з чалавека бяруць (тутэйшыя кажуць па-іншаму: дзяруць) ажно тысячу трыста рублёў. Гэта зашмат — 60 цэнтаў. Між тым, калгасьнікі атрымліваюць усяго даляраў сорак на месяц, ды і ў райцэнтры ня дужа больш. Нават у вёсках, дзе кошты меншыя, яны ўсё роўна непрымальныя для многіх жыхароў. Пра тое кажа пэнсіянэрка зь вёскі Дражна Старадароскага раёну Кацярына Максімаўна:

(Кацярына: ) “Я нагрэю вады на газе і ў балеі мыюся. Бо шкадую грошай. Два разы сходзіш у лазьню — і няма булкі хлеба”.

Вось такая нэндза. У суседняй Расеі, для параўнаньня, цэны куды меншыя — ці не ўдвая. У Арлоўскай вобласьці, напрыклад, малазабясьпечаныя і пэнсіянэры аддаюць за квіток усяго 15 цэнтаў, астатнія — 30. (Заўважце: у Беларусі, кіраўнік якой шмат разважае пра неабходнасьць шанаваць вэтэранаў і дапамагаць бедным, такой сацыяльнай дыфэрэнцыяцыі няма.)

Але пойдзем далей. У Варонежы і Бранску за паслугі грамадзкіх лазьняў плацяць 9 рублёў за гадзіну, у Смаленску 8, Тамбове — 7. Заўважым, што агульная планка камунальных лазьневых паслугаў апусьцілася і ў Расеі. Але там ідзе актыўная барацьба жыхароў і грамадзкіх арганізацыяў зь мясцовымі ўладамі, каб былі прымальныя і кошты, і абслугоўваньне. Так, у Паволжы апошнім часам прайшлі адмысловыя акцыі: перад гарадзкімі мэрыямі спыняліся аўтамабілі з гарачай вадой, бясплатным шампунем, і ахвотныя дэманстрацыйна мыліся проста на вуліцах... Месцамі тое спрацавала — цэны ў лазьнях сталі больш прымальныя.

Ну а ў Беларусі ня ведаюць, дзе знайсьці рэзэрву. Грошай у камунальных службаў катастрафічна не хапае. Гаворыць Сьцяпан Чачуха, старшыня выканкаму Дражненскага сельсавету:

(Чачуха: ) “На тэрыторыі савету тры грамадзкія лазьні. У нас у Дражне была лазьня, якая працавала на дызэльным паліве. З мэтай эканоміі мы яе перавялі на дровы. Паколькі грошай на гэта ў бюджэце сельскага савету не прадугледжана, то выкруціліся дзякуючы парсючку, якога выдзеліў калгас на такую рэканструкцыю. Атрымалі штогадовую эканомію каля двух з паловаю мільёнаў рублёў”.

Як ня кожны старшыня гаспадаркі ахвяруе парсючка дзеля выратаваньня грамадзкай лазьні, так і ня ўсякі гарадзкі мэр з начальнікам райжылкамунгасу пачнуць шукаць сродкі, каб шараговыя гараджане мыліся ў нармалёвых умовах. Бо самі спадары начальнікі маюць магчымасьць выдатна папарыцца на ўласных лецішчах, базах адпачынку ці ў лазьнях ведамасных. Лёс апошніх у параўнаньні з камунальнымі трохі лепшы: у прадпрыемстваў на іхнае ўтрыманьне яшчэ засталося крыху грошай. Хоць многія дырэктары толькі й мараць пра збаўленьне ад такога клопату.

Так, расейскія партнэры слуцкага воцатнага заводу адмаўляюцца ўкладаць інвэстыцыі ў прадпрыемства, пакуль на яго балянсе лазьнева-пральны камбінат. І гораду такога шчасьця ня трэба. Зусім невыпадкова ў раённых сьпісах даўгабудаў і будынкаў, што патрабуюць тэрміновага капітальнага рамонту, ці не на першым месцы абавязкова стаяць лазьні. Гаворыць жыхар Круглага Ўладзімер:

(Уладзімер: ) “Я павінен вам сказаць, што лазьня, якая тут знаходзіцца, ня ў вельмі прывабным парадку. Хацелася б і памыцца, і адпачыць. Самі разумееце, для гэтага патрэбна рыхтавацца, але ў нашым пасёлку ня думаюць пра тое”.

Хоць у Круглым, як і ў большасьці іншых райцэнтраў, усяго адна лазьня, рукі вэртыкалі ніяк не даходзяць да яе. У адным з двух аддзяленьняў нешта здарылася, дык каб ураўнаважыць умовы кабетаў і спадароў, іх пэрыядычна мяняюць месцамі — адпраўляюць з гарачэйшага ў халадзейшае. Аднак праз такія тэмпэратурныя маніпуляцыі загартоўваюць сталь, калі ж дбаць пра людзей, то круглянскай лазьні патрэбная звычайная рэканструкцыя... Ня дзіва, што наведнікаў там усё менее.

(Спадарыня: ) “Не, мы ня ходзім у лазьню. У нас свая кватэра, ванна”.

(Спадар: ) “Навошта нам гэтыя гарадзкія?”

(Спадарыня: ) “Калі няма вады, то я хаджу куды-небудзь. А так у камунальную лазьню не хаджу”.

Дарэчы, кожная шостая грамадзкая лазьня Магілёўшчыны сёньня на рамонце. Але колькі ён доўжыцца, начальніца жыльлёвага аддзелу аблвыканкаму Валянціна Галапобава адказваць адмовілася, нібыта тут ёсьць сакрэтная інфармацыя. Хутчэй за ўсё, рамонт зацягнуўся на гады. Гэтак сама доўжыцца будаўніцтва новых аб’ектаў, часьцяком распачатае яшчэ па генплянах савецкага часу. Тыповы прыклад — Мар’іна Горка. Гаворыць дэпутат Пухавіцкага райсавету Аляксей Міхалевіч:

(Міхалевіч: ) “Такая праблема ёсьць. Дакладней, лазьні проста няма. Будуецца ўжо даўно. Адзін з даўгабудаў нашага раёну. Два асноўных даўгабуды — гэта лазьня й новы будынак млыну. І той, і другі стаяць тут у закансэрваваным стане гадоў пяць, а то й больш”.

А Якаў Шутовіч жыве ў гарадзкім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёну, робіць настаўнікам. Лазьня там працуе, але толькі аднойчы на тыдзень — у суботу.

(Шутовіч: ) “Так атрымліваецца, што ў мяне ў суботу працоўны дзень. Першую палову дня мыюцца мужчыны, а жанчыны па абедзе. Я ж з жанчынамі ня стану мыцца. У мяне толькі дзьве суботы былі выходныя, і я два разы за гэтую зіму трапіў у лазьню. Там ёсьць некалькі пакояў для буфэту, пад цырульню, але ўсё гэта не працуе. А хацелася б якога піўца папіць, венічак набыць... Два душы ёсьць змывацца. Дык адзін не працуе — няма краніка. Гэта вельмі дрэнна, калі стаіш увесь у мыле і чакаеш чаргі. Мыюцца дзедаўскім спосабам — тазікамі. І што: тазікам ісьці мыцца ды яшчэ плаціць амаль пяцьсот рублёў? То гэтак можна і дома”.

Такім чынам, грамадзкія лазьні Беларусі занесеныя ў шэраг беспэрспэктыўных. Ніводная з 329 не акупляецца, датацыі складаюць ня меней за 50%. Каб выкруціцца, зарабіць грошы, сям-там спрабуюць увесьці хоць нейкія дадатковыя паслугі. Сапраўды, масажны кабінэт прываблівае, аднак хто ў Застарыньні ці Дражне знойдзе грошы на яго або нават на ароматэрапію? Хоць, заўважу, ёсьць сярод вяскоўцаў, жыхароў райцэнтраў і заможныя людзі. Выйсьце яны бачаць ня толькі ў будаўніцтве ўласных утульна аздобленых лазьняў. Гаворыць спадарыня Валянціна:

(Валянціна: ) “Разумееш, у прыватнай можна паставіць тульскі самавар, фінскую печку, купіць польскія каўшы ды лежакі, сочынскі эўкаліптавы настой, краснаярскі піхтавы — але гэтага мала, каб сапраўды адчуць абнаўленьне арганізму, рэляксацыю... Джакузі, басэйн, камбінацыю сухой і гарачай пары, ледзяную пячору, добрую більярдную, аэрагідрамасаж, донны гейзэр беларускі местачковец пакуль ня можа дазволіць сабе. Ды й навошта тая дэманстрацыя раскошы? Фактычна, у большасьці з нас уяўленьні пра лазьневы адпачынак найперш зьвязаныя з чалавечымі зносінамі, добрай кампаніяй... Таму я і падтрымліваю будаўніцтва бізнэсоўцамі элітных лазьняў. На пэрыфэрыі іх пакуль зусім мала, але працэс, як кажуць, пайшоў. Глядзіш, і ў нас некалі зьявяцца свае Сандуны. Колькасьць абавязкова павернецца якасьцю: там будуць парыцца і простыя людзі”.

Ну а пакуль ролю часовых местачковых Сандуноў выконвае, напрыклад, прыватная лазьня ў Карэлічах. Больш яна нагадвае своеасаблівы закрыты клюб для нябедных людзей. Хто там быў, паверыў, што добрыя грошы можна рабіць і на пары зь венічкам. Безумоўна, калі да іх дадаецца сёе-тое з найноўшага лазьневага сэрвісу, пра які распавядала спадарыня Валянціна. Вось, дарэчы, уражаньні пра карэліцкую атмасфэру ейнай сяброўкі Аксаны:

(Аксана: ) “Мы зь дзяўчынамі заяжджаем туды на машынах і бавімся некалькі гадзінаў, бывае, што й да вечара! Гэта ў нас такі клюб, можна сказаць! Ну, мы там абмяркоўваем, ну, новыя сродкі касмэтычныя. Пляткарым троху, канечне! І размовы, дарэчы, самыя шчырыя — што ўжо тут схаваеш, калі распранаесься”.

Пакуль гэткія ўмовы, на жаль, для нямногіх. Большасьць беларусаў задавальняецца сьціплай лазьняй добрых суседзяў, уласным ванным пакоем ці старымі ночвамі... Так, відаць, будзе да той пары, пакуль ня зьявяцца ў краіне новыя людзі кшталту сына спадарыні Алены, які сачыніў верш, памятаеце:

Калі б я быў гаспадаром у вёсцы,
Або калі б начальнікам я стаў,
То лазьню бы, каб вывесьці каросту,
Найперш прывёў бы у належны стан!

Міхась, сын Алены, паступае сёлета ў Горацкую сельгасакадэмію, марыць пра фэрмэрства. Хлопец разумны, у яго ўсё атрымаецца. Тым больш з лазьнямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG