Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЗАВЫ РЭЖЫМ ПАМІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І ПОЛЬШЧАЙ БУДЗЕ ЎВЕДЗЕНЫ АД 1 КАСТРЫЧНІКА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У афіцыйнай заяве Міністэрства замежных справаў гаворыцца, што Польшча цалкам гатовая да ўвядзеньня візавага рэжыму зь Беларусьсю, Украінай і Расеяй ужо праз два тыдні – ад 1 ліпеня. Аднак усходнія партнэры Польшчы да гэтага не падрыхтаваныя і у выпадку аднабаковага увядзеньня Варшавай візавага рэжыму польскія грамадзяне будуць мець клопаты з атрыманьнем беларускіх ці расейскіх візаў. Гэта, паводле МЗС Польшчы, галоўная прычына пераносу тэрміну ўвядзеньня візавага рэжыму.

Акрамя гэтага, Польшча ўзяла пад увагу просьбы беларускага і расейскага бакоў аб захаваньні бязьвізавых адносінаў прынамсі да канца турыстычнага сэзону, бо ў адваротным выпадку ад замежных вакацыяў вымушаныя былі б адмовіцца тысячы беларусаў і расейцаў.

Галоўнай тэхнічнай праблемай увядзеньня візаў, паводле польскіх дыпляматаў, ёсьць незразумелая пазыцыя Расеі ў справе падпісаньня міжурадавага пагадненьня аб узаемным візавым рэжыме. Сярод іншага, Масква дагэтуль ня можа канчаткова вызначыцца, колькі будуць каштаваць расейскія візы для палякаў.

Зь Беларусьсю і Украінай адпаведныя пагадненьні амаль што гатовыя да падпісаньня. Нагадаем, што паводле дамоўленасьцяў паміж Польшчай і Беларусьсю аднаразовая польская віза для беларуса і беларуская для паляка будзе каштаваць 10 эўра, а шматразовая тэрмінам на адзін год – 50 эўра.

Польшча паінфармавала аб сваім рашэньні ў справе адтэрміноўкі ўвядзеньня візавага рэжыму Эўрапейскую камісію. У афіцыйным паведамленьні гаворыцца, што гэтым крокам Варшава не парушае патрабаваньняў Брусэля, паводле якіх краіна-кандыдат мусіць увесьці візы для усходніх суседзяў прынамсі за 6 месяцаў да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG