Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ — НЕ ДЛЯ ТЫХ, ХТО ІМКНЕЦЦА РАСПАЧАЦЬ СВОЙ БІЗНЭС НА ЎСХОДЗЕ”


Ул. інф.

“Ладзіць нейкі бізнэс у Беларусі — справа надзвычай цяжкая. У любым выпадку, гэта ня тая краіна, якая можа стаць полем для прадпрымальніцкай дзейнасьці”, — такія высновы робіць прадстаўнік аўстрыйскай гандлёвай групы ў Маскве Ёган Кнаўзьль. У часе адмысловай канфэрэнцыі, якую ладзіла ў Вене кіраўніцтва “Raiffeisenzentralbank”, спадар Кнаўзьль прывёў некалькі прыкладаў у справе мытных фармальнасьцяў, што дзейнічаюць у Беларусі. Паводле яго, любая выпадковая памылка ў дэклярацыі тавараў можа прывесьці да таго, што гэтыя тавары будуць сканфіскаваныя беларускімі мытнікамі, а затым на працягу двух дзён увогуле прададзеныя праз адмысловыя крамы, што гандлююць так званым “канфіскатам”.

За 10 гадоў пасьля распаду СССР бюракратыя ў Беларусі, як і моцная дзяржаўная манаполія ва ўсіх сфэрах жыцьця зусім не аслабла, — піша “Die Presse”. Выданьне спасылаецца на словы беларускага віцэ-прэм’ера Сяргея Сідорскага: “Мы робім у эканоміцы эвалюцыю замест шокавай тэрапіі”. Дзеля ілюстрацыі гэтай тэзы газэта прыводзіць адну лічбу. Толькі 41% беларускіх тавараў вырабляецца ў прыватным сэктары. Паводле эўрапейскіх эканамічных экспэртаў, сярод інвэстараў Беларусь мае сёмы рэйтынг, гэта значыць, займае апошнюю пазыцыю ва ўсіх магчымых клясыфікацыях.

Адзін з вынікаў цяжкай эканамічнай сытуацыі — тое, што аўстрыйскі экспарт у Беларусь штогоду паступова зьмяншаецца. Так, летась экспартныя пастаўкі былі ў межах 13,5 мільёну эўра. “Падобная сытуацыя ніяк ня можа задавальняць”, — лічыць Ёган Кнаўзьль. Тым ня менш, спадар Кнаўзьль ускладае вялікія надзеі на паляпшэньне аўстрыйска-беларускіх эканамічных стасункаў. “У наступныя 10 гадоў Беларусь стане для Эўропы больш важным рэгіёнам”, — перакананы экспэрт.

Тыя нямногія суайчыньнікі Ёгана Кнаўзьля, якія ўсё яшчэ ладзяць свой бізнэс у Беларусі, зазначаюць, што ня хочуць пакідаць гэтую краіну. “Вернасьць беларусаў сваім кантрактным абавязкам і плацяжам — выключная”, — сьведчыць прадстаўнік будаўнічай фірмы “Voralberger” Губэрт Бэрч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG