Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЯВІЎСЯ Ў ПРОДАЖЫ ПЕРШЫ НУМАР БАРАНАВІЦКАЙ АНГЛАМОЎНАЙ ГАЗЭТЫ “БАРАНАВІЧЫ ТАЙМС”


Алесь Горбач, Баранавічы

Пры канцы мінулага тыдня выйшаў з друку і зьявіўся ў продажы першы нумар першай баранавіцкай англамоўнай газэты “Баранавічы Таймс”. Яе выдаўцом ёсьць прыватны прадпрымальнік Анатоль Вайцяхоўскі. Як пазначана на першай старонцы газэты, выдаецца яна “для знатакоў і тых, хто вывучае ангельскую мову, шкаляроў ды студэнтаў, настаўнікаў, перакладчыкаў ды замежнікаў”. Паводле зьместу газэта сапраўды разьлічаная на шырокага чытача: ёсьць тут і мясцовыя навіны, і матэрыялы з гісторыі гораду, інфармацыя да ўступных іспытаў з ангельскай мовы, крыжаванкі ды іншае.

Паводле рэдактара новага выданьня Ігара Масьціцкага, Баранавічы даўно ўжо вырасьлі за рамкі раённага, правінцыйнага гарадка: на сёньня тут ёсьць некалькі вышэйшых навучальных установаў, шмат сумесных прадпрыемстваў, днямі ў Баранавічаў зьявіўся ўжо дзявяты горад-пабрацім, тутэйшы люд даволі часта бывае за мяжой. Выданьне англамоўнай газэты, на думку спадара Масьціцкага, будзе значна спрыяць пашырэньню ў сьвеце ведаў пра наш горад. Апроч таго, газэта мусіць служыць добрым дапаможнікам для тых, хто вывучае ангельскую мову. Цяжка меркаваць, ці спраўдзяцца надзеі выдаўцоў новай газэты. Пакуль “Баранавічы Таймс” будзе выходзіць невялікім накладам, 299 асобнікаў, з пэрыядычнасьцю раз у месяц. А далей пакажа час.

Мэдыя-рынак у Баранавічах, што праўда, разнастайны. Акрамя афіцыйнай “раёнкі” пэрыядычна выходзяць яшчэ пяць мясцовых недзяржаўных газэт. Усе яны пераважна ці цалкам расейскамоўныя. Беларускамоўнай газэты Баранавічы ня маюць. Апошнім часам мясцовай філіяй Таварыства беларускай мовы робяцца захады для аднаўленьня газэты “Баранавіцкае слова”, што выдавалася на пачатку дзевяностых, але пакуль безвынікова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG