"Сымбаль веры". 14 чэрвеня
Тэма чарговай перадачы – ці ёсьць у працы цэркваў Беларусі розныя падыходы да мужчынаў і жанчынаў, і што пра гэта гавораць розныя багаслоўскія традыцыі? У перадачы бяруць удзел архімандрыт Аляксей Шынкевіч, пастар Леанід Міховіч і каталіцкая манашка Марына Пашук. Вядзе выпуск Сяргей Абламейка.
“Па-за тактам”: Наш “Палац” у Францыі. 14 чэрвеня
Нядаўна група “Палац” брала ўдзел у фэстывалі “У чаканьні Беларусі”, які адбыўся ў Францыі. Як прымае сучасную беларускую музыку тамтэйшая публіка, ці маюць айчынныя калектывы шанцы замацавацца на эўрапейскім музычным рынку і што яны мусяць для гэтага зрабіць? Пра ўсё гэта ў гутарцы з Зьмітром Падбярэскім расказвае кіраўнік “Палацу” Алег Хаменка.
"Праскі акцэнт". 15 чэрвеня
Пасьля ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты Нацбанк Беларусі адмовіцца ад эмісіі наяўных грошай. Гэтага патрабуе апошні варыянт дамоўленасьці паміж Беларусяй і Расеяй, і гэта прызнаў днямі адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага банку Павал Калаўр. Але ці сапраўды кіраўніцтва Беларусі гатовае паступіцца эканамічным сувэрэнітэтам? Якія ёсьць палітычныя падставы для падобнага кроку? І ці сапраўды расейскі рубель здольны вырашыць праблемы беларускай эканомікі? На гэтыя пытаньні ў перадачы “Праскі акцэнт” адказвае былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. У перадачы бярэ ўдзел журналістка Юлія Шарова. Вядзе выпуск Віталь Тарас.
“Вольная студыя”. 15 чэрвеня
“Талент і мараль” — дэвіз правадзейных сяброў Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Толькі таленавіты ды зь беззаганнай рэпутацыяй мастак мае шанец стаць акадэмікам. Сябры БелАВМ кантактуюць з мастацкімі галерэямі Заходняй Эўропы і адначасова актыўна разгортваюць выстаўную дзейнасьць у беларускіх рэгіёнах. Часам з прэстыжнай галерэі на рымскім Пляц Попала вязуць свае творы ў Сьветлагорск. Толькі апошнія гады з палотнамі акадэмікаў змаглі пазнаёміцца аматары жывапісу ў Берасьці, Полацку, Горадні, Гомелі, Магілёве, Лідзе, Валожыне, Івянцы, Гальшанах, Барысаве, Баранавічах, Слуцку... У нядзельнай “Вольнай студыі” госьцем Міхася Скоблы будзе прэзыдэнт Акадэміі мастак Фэлікс Янушкевіч, які жыве ў Ракаве на Валожыншчыне.
“Беларускі Інтэрнэт”. 15 чэрвеня
Беларускае Сеціва ў гэтыя дні стала вельмі актуальнай магчымасьцю для “Белорусской деловой газеты” дайсьці да чытача, для навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю – выказаць свае прапановы і заўвагі міністру адукацыі і прэзыдэнту, а таксама арганізаваць акцыю салідарнасьці. Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы, падрыхтаванай Вольгай Караткевіч.
“Паштовая скрынка 111”. 15 чэрвеня
У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Іван Голубеў з Наваполацку, Сымон Булыга з Баранавічаў, Мікалай Слуцкі зь Менску, Віктар Баранаў з Рагачова і Андрэй Паско зь Берасьця.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– разважаюць пра тое, чаму вытворцы беларускага харчаваньня страцілі расейскі рынак і якая прычына заняпаду калгаснай сыстэмы ў Беларусі;
– выказваюць меркаваньні пра будучыню беларускай мовы і прычыны яе дыскрымінацыі;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.