Паводле дзяржаўнага сакратара ЗША Коліна Паўэла, ніводная краіна сьвету не застаецца ў баку ад гандлю людзьмі. Нават у Злучаныя Штаты кожны год прывозяцца кантрабандай прыблізна 20 тысячаў чалавек, якія потым як рабы працуюць у бардэлях, на вытворчасьці і фэрмах.
(Паўэл: ) “У нашым сьвеце 21-га стагодзьдзя, дзе свабода й дэмакратыя распаўсюджваюцца па ўсіх кантынэнтах, жахліва і маральна недапушчальна, што сотні тысячаў людзей, жанчын і дзяцей эксплюатаваныя, зьняволеныя і аддадзеныя ў рабства тымі, хто нажываецца на чалавечай беднасьці”.
Краіны, якія трапілі ў сёлетні сьпіс Дзяржаўнага дэпартамэнту, падзеленыя на тры катэгорыі:
Трэцяя (найгоршая) катэгорыя складаецца з краінаў, якія не прыкладаюць нават мінімальных высілкаў, каб разьвязаць праблему. Сярод іх: Босьнія і Герцагавіна, Куба, Грузія, Грэцыя, Казахстан, Паўночная Карэя, Судан, Турэччына і Ўзбэкістан.
Старэйшы дараднік Паўэла Джон Мілер сказаў, што гэтыя краіны яшчэ маюць час, каб палепшыць сытуацыю, да таго як ЗША ўвядуць санкцыі:
(Мілер: ) “Пастанова адносна санкцыяў, як гэтага патрабуе ад прэзыдэнта закон, ня будзе прынятая да восені. Таму ёсьць магчымасьць для краінаў трэцяй катэгорыі істотна палепшыць сваю сытуацыю ў гэтым кірунку”.
Яшчэ 74 краіны, якія складаюць другую катэгорыю, робяць нейкія мінімальныя высілкі ў змаганьні з праблемай. Апрача Беларусі, у гэтай катэгорыі знаходзяцца Ўкраіна, Расея, Латвія, Малдова і Кыргыстан.
У катэгорыю нумар 1, гэта значыць краіны, якія робяць усё належнае, каб змагацца супраць гандлю людзьмі, уваходзяць Чэхія, Літва, Македонія, Польшча і Вялікая Брытанія.
Сярод крытэрыяў ацэнкі: увядзеньне крымінальнай адказнасьці за такі гандаль, пасьпяховы судовы перасьлед гандляроў, наяўнасьць праграмаў абароны й вызваленьня ахвяраў гандлю.
Што ж тычыцца Беларусі, то летась яна разам з Армэніяй, Расеяй і Таджыкістанам прыклала дастаткова намаганьняў, каб перайсьці з трэцяй у другую катэгорыю.
Мілер ухваліў закон супраць гандлю людзьмі, які хутка мусіць быць прыняты ў Расеі, і сказаў, што ён мог бы стаць мадэльлю заканадаўства для іншых краінаў.
І на заканчэньне пару словаў пра санкцыі, якія могуць ужыць ЗША да краінаў, якія не змагаюцца супраць гандлю людзьмі. Гэта: спыненьне ўсялякай дапамогі, не зьвязанай з дабрачыннасьцю ці камэрцыяй. Вашынгтон таксама можа заблякаваць магчымасьць для гэтых краінаў атрымліваць пазыкі ад Усясьветнага банку альбо Міжнароднага валютнага фонду.