Майкл Уегара — супрацоўнік аддзелу Беларусі, Украіны і Малдовы Дзярждэпартамэнту ЗША, які адказвае за дачыненьні зь Беларусьсю. Апошні раз спадар Уегара наведваў Менск летась у лістападзе. Як паведамілі ў амбасадзе ЗША, гэтым разам ён мае досыць шырокае кола суразмоўцаў, каб атрымаць апошнюю інфармацыю аб падзеях у Беларусі. Заплянаваныя сустрэчы супрацоўніка Дзярждэпартамэнту з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, шэрагу палітычных партыяў, з рэлігійнымі дзеячамі, лідэрамі праваабарончых арганізацыяў, актывістамі рэгіянальных і моладзевых рухаў, сацыёлягамі і аналітыкамі, а таксама ў офісе АБСЭ ды іншых дыпляматычных місіях у Менску.
Пэўныя заплянаваныя сустрэчы ўжо адбыліся. З афіцыйных прадстаўнікоў спадара Уегара прыняў начальнік аддзелу ЗША і Канады ўпраўленьня Амэрыкі МЗС Беларусі Раман Раманоўскі. Як паведаміў прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Андрэй Савіных, “адбыўся абмен думкамі па праблемных пытаньнях двухбаковых беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў.” Гаварыць пра хуткія пэрспэктывы паляпшэньня гэтых адносінаў пакуль заўчасна, лічаць у МЗС.
Майкл Уегара ўжо сустракаўся з дэпутатамі групы “Рэспубліка” і лідэрамі апазыцыйных партыяў. Адзін зь іх, старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што цяперашняя цікавасьць Дзярждэпартамэнту да сытуацыі ў Беларусі й прагнозаў яе далейшага разьвіцьця невыпадковая:
(Лябедзька: ) “Беларусь з аднаго боку знаходзіцца напярэдадні важных палітычных кампаніяў: парлямэнцкіх выбараў і магчымага рэфэрэндуму. А з другога боку, мы назіраем пагаршэньне сытуацыі з мас-мэдыйным рынкам і зачысткай трэцяга сэктару — грамадзкіх арганіазцыяў”.
Паводле Анатоля Лябедзькі, накіраваньне прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ў Менск прымеркаванае таксама да хуткага прыезду новага амбасадара ЗША ў Беларусі Джорджа Крола. Анатоль Лябедзька паведаміў, што Майкл Уегара асабліва цікавіўся сытуацыяй з закрытымі газэтамі й грамадзкімі аб’яднаньнямі, стаўленьнем беларускіх дзеячоў да магчымасьці прыняцьця Кангрэсам ЗША Акту аб дэмакратыі ў Беларусі й тым, як на думку беларускіх палітыкаў ЗША маглі б паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, у прыватнасьці, дзеля паляпшэньня заканадаўства ў галіне выбараў і СМІ.